У Вярхоўную Раду ўнеслі законапраект, які мае спрасціць атрыманне беларускімі добраахвотнікамі ўкраінскага грамадзянства
Падтрымаць законапраект, які спросціць парадак атрымання грамадзянства для замежных вайскоўцаў і іх сем'яў, заклікаў з парламенцкай трыбуны сваіх калег дэпутат Ігар Гузь.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_05/2731-64g5j.jpg.webp)
Ігар Гузь адмыслова падкрэсліў, што гэты закон патрэбен перадусім добраахвотнікам з беларускага Палка Каліноўскага:
«Гэтыя людзі сваёй крывёй і сваімі ўчынкамі даказалі, што яны вартыя звацца грамадзянамі Украіны, але большасць з іх чамусьці засталася ў падвешаным стане, перажываючы за сваіх родных, для якіх вяртанне ў Беларусь азначае гібель».
Пытанне легальнага знаходжання на тэрыторыі Украіны сапраўды вельмі важнае для беларускіх байцоў, адзначаецца на сайце Палка Каліноўскага. На гэты момант больш за 30% яго асабовага складу ў той ці іншай ступені сутыкнуліся з праблемамі дакументаў: несапраўдныя пашпарты, адсутнасць дазволу на жыхарства, а таксама неабходнасць пакінуць Украіну і Полк Каліноўскага для вырашэння пытання легалізацыі ў краінах Еўрасаюза.
Акрамя таго, на думку беларускіх добраахвотнікаў, спрашчэнне міграцыйнай палітыкі Украіны будзе садзейнічаць больш актыўнаму рэкрутынгу ў іх шэрагі.
Як сцвярджаецца, кожны трэці беларус, які звярнуўся ў бот для рэкрутынгу, мае праблемы з пашпартам, што ўскладняе перамяшчэнне і ўезд ва Украіну.
Каментары