Хакеіст Дзмітрый Мялешка, чыя жонка Надзея памерла ад анкалогіі, выклаў фота з сябрамі — і атрымаў хвалю папрокаў
Дзмітрый Мелешка, былы хакеіст беларускай зборнай і ўдавец папулярнай блогеркі Надзеі Мелешка, апублікаваў фота з сустрэчы з сябрамі. Не ўсім падпісчыкам спадабалася, што мужчына паклаў руку на плячо дзяўчыны побач. У адказ той запосціў яшчэ адзін здымак.
Звычайна Дзмітрый не вельмі актыўна публікуе фотаздымкі на сваёй старонцы ў інстаграме. Адзін з апошніх з’явіўся ў верасні мінулага года — у дзень, калі са смерці яго жонкі Надзеі прайшло роўна паўгода. Ён тады напісаў: «Час спыніўся. Цябе няма побач паўгода, але ты заўсёды ў нашых сэрцах… Кахаем і памятаем цябе, наша родная, мілая Надзея».
А некалькі дзён таму былы хакеіст вырашыў падзяліцца сваім добрым вечарам у кампаніі сяброў. На фота чатыры мужчыны і чатыры жанчыны — можа скласціся ўражанне, што ўсе прыйшлі парамі. У каментарыях на Дзмітрыя абрынулася хваля народнага абурэння. Шмат хто палічыў, што для ўдаўца яшчэ рана дэманстраваць новыя адносіны.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_06/-fosh0.jpg.webp)
Сам Дзмітрый ніяк не стаў тлумачыць сваім падпісчыкам сітуацыю. Але ў хуткім часе выклаў у інстаграм новае фота — на ім мужчына стаіць на беразе возера, абняўшыся з той самай дзяўчынай. Пад ім дыскусія наконт таго, калі варта пачынаць будаваць асабістае жыццё пасля смерці жонкі, працягнулася яшчэ больш актыўна. Але ж другі здымак набраў нават на 5 тысяч больш лайкаў, чым першы.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_06/447077737_1178071563220379_5432249521379811257_n-t85ru.jpg.webp)
Нагадаем: у студзені 2020 года ў Надзеі Мялешкі выявілі рак грудзей трэцяй стадыі. У ліпені таго ж года хвароба ў блогеркі перайшла ў стадыю рэмісіі. Але ў сакавіку 2021-га Надзея паведаміла, што хвароба вярнулася, дактары знайшлі ў яе метастазы ў печані.
Жанчына працягвала сваё лячэнне ў Германіі, куды пераехала з сям'ёй. Яна запусціла дабрачынны фонд у падтрымку анкахворых. Пра сваё змаганне з анкалогіяй Надзея распавядала ў інстаграме — на яе старонку было падпісана каля паўмільёна чалавек. Жанчына напісала кнігу, прысвечаную гэтай барацьбе, але патрымаць у руках першы надрукаваны экзэмпляр не паспела. Кніга «Раніца надыходзіць заўсёды» стала ў Беларусі бэстсэлерам.
Як кажуць сябры Дзмітрыя, пасля смерці Надзеі ён вярнуўся разам з двума сынамі ў Беларусь.
Каментары