Азаронак расказаў, як чалавека, які штурхануў яго маці-кандуктарку ў аўтобусе, адправілі ў ізалятар
Прапагандыст расказаў болей пра сваю маці і пра тое, што да 27 гадоў жыў з бацькамі, бо заробку на здымную кватэру не хапала.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_01/-ecow9.jpg.webp)
Бацька Рыгора Азаронка — Юрый Азаронак — быў адным з самых адыёзных прапагандыстаў БТ. Пра маці ж было вядома толькі тое, што яна працуе кандуктаркай у грамадскім транспарце.
У інтэрв'ю Ксеніі Сабчак Азаронак расказаў пра маці болей. Яна ўсё жыццё адпрацавала на Камароўскім рынку, а на пенсіі, каб не сумаваць, пайшла кантралёрам-кандуктарам.
Аднойчы ў аўтобусе чалавек пазнаў яе прозвішча на бэйджыку і, расказвае Азаронак, піхнуў яе.
«Яна ў шоку пазваніла мне. Я, па-мойму, нейкую нататку ціснуў у тэлеграм-канал. А далей паехаў туды, на месца. Разбірацца. (…) Потым па камерах у аўтобусе вылічылі, знайшлі. Усё, як паложана па працэдуры», — прыгадаў акалічнасці Азаронак.
Таго чалавека з аўтобуса пасадзілі ў следчы ізалятар. Гісторыя дайшла да Лукашэнкі.
«Ну і адпаведна, прэзідэнт тады сказаў: «Вось няхай ён з маці пойдзе туды ў ізалятар. Калі яны яго прабачаць, то тады чалавека прабачаць, адпусцяць. (Атрымаў, нейкія суткі па-мінімуму). Калі не прабачаць, паедзе на поўную катушку». Прэзідэнт, па-мойму, пра гэта расказваў.
І сапраўды, я тады сустракаўся з міністрам унутраных спраў, з прэс-сакратаром прэзідэнта. З маёй маці сустрэліся ў адной з устаноў, абгаварылі. Мы яго прабачылі, і адпаведна, з чалавекам… Не ведаю, што далей было. Але. Значыць усё добра», — расказаў прапагандыст.
Па словах Азаронка, Лукашэнка тады сказаў яму, што дарэмна прабачыў.
«Вось, здзейсніў памылку. Далей я гэтую памылку выпраўляю. І спраўна пішу, калі знаходзяць нейкіх людзей, якіх бяруць за знявагу, размяшчэнне маіх асабістых звестак, фатаграфаванне мяне, яшчэ нечага. То спраўна пішу заяву. І яны адпраўляюцца асвойваць новую прафесію».
Азаронак расказаў таксама, што да 27 гадоў жыў з бацькамі. З'ехаў ён ад іх у 2021-22 годзе. Раней заробку СТБ не хапала, каб здымаць кватэру.
Каментары
а пасля 20-га стала хапаць