Ці бяспечна быць «па-за палітыкай»? Гісторыя беларускі, якая ніколі не хадзіла на выбары
За свае 40 з лішкам гадоў беларуска Святлана ні разу не хадзіла на выбары. Вядома, яна ведала прозвішча таго, хто пры ўладзе ў краіне, але далей яе веды пра палітыку заканчваліся. «Для мяне галоўным у жыцці заўсёды была сям'я», — кажа яна. Света шчыра не разумела, навошта губляць свой час, сілы і нервы для абмеркавання палітычных праблем. Але палітыка не пытаючыся сама прыйшла ў яе жыццё, піша Ex-press.by.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_01/2025-01-22225552-x3uym.jpg.webp)
«Мяне заўсёды здзіўляла, чаму людзі з пенай каля рота спрачаюцца пра палітыку, лаюць Лукашэнку ці скардзяцца на жыццё, абвінавачваючы ва ўсім палітыканаў», — кажа беларуска.
З палітыкаў Света памятае Ельцына, які п'яны ўпаў на нейкім канцэрце. Калі яна заканчвала школу, у Беларусі прайшлі першыя выбары. Яна памятае, што тады нават настаўнікі на перапынках спрачаліся пра тое, за каго галасаваць. Але на свае першыя выбары Света не пайшла.
«У мяне быў бурны раман у каледжы: эмоцыі, страсці, бяссонныя ночы. Якія выбары? Вы пра што?» — смяецца яна.
Света — старэйшая сястра ў шматдзетнай сям'і. Кажа, што заўсёды адказвала за сваіх малодшых сястру і брата. І калі малыя дзесьці нечага нарабілі, то лаялі яе, як старэйшую, а не іх.
«Я не задавала пытанняў, проста рабіла сваю працу — глядзела дзяцей, прыдумляла гульні, карміла. Як нянька з кругласутачным графікам, — успамінае яна. — І, мне здаецца, у мяне не было ніякай крыўды, што я ўвесь дзень у справах і клопатах. Мне падабалася, што ў нас вялікая, дружная і вясёлая сям'я, мне было добра і камфортна».
У 20 гадоў Святлана выйшла замуж. Праз год у сям'і нарадзіўся першынец. Праз тры гады нарадзіліся пагодкі: дзяўчынка і яшчэ хлопчык.
«Цяпер у мяне самой шматдзетная сям'я. Такая ж шумная і неспакойная, як у маім дзяцінстве, — смяецца Света. — Вы думаеце, у мяне быў час на думкі пра палітыку? Не. Нават на сябе гэтага часу не было».
Яна прызнаецца, што ў віры штодзённых клопатаў думала выключна пра сям'ю: усіх трэба накарміць, прыбраць, памыць, адпрасаваць вопратку, збегаць у краму.
«У мяне выдатны муж, ён забяспечвае сям'ю, вельмі рукасты, усё можа паправіць і з дзецьмі пагуляць. Яму таксама ў радасць вялікая сям'я», — кажа Святлана.
«Калі ты не займаешся палітыкай — яна зоймецца табой»
Беларуска не хадзіла ні на адныя выбары, хоць у Беларусі за гэты час іх праводзілі 5 разоў. Не ведае ніводнага кандыдата ў прэзідэнты, акрамя таго, які пры ўладзе.
«Мне не сорамна было быць апалітычным чалавекам, — прызнаецца Святлана. — Гэта мой выбар. Я перш за ўсё жонка і мама, і я павінна клапаціцца пра сябе. Потым, калі ў мяне застаецца час, я клапачуся пра сваё здароўе — хаджу на ёгу, гуляю на свежым паветры. Усё астатняе для мяне — гэта нейкая пустая вытрата энергіі».
Нават выбары 2020 года не сталі для Святланы выключэннем:
«2020 год сапраўды закрануў масу беларусаў. Але не мяне. Атрымалася так, што я з'ехала на лецішча і жыла там усё лета, займаючыся дзецьмі, мала размаўляючы з суседзямі. Вядома, муж прывозіў нейкія навіны, расказваў, што ў Мінску людзі будуюць барыкады, натоўпамі выходзяць на вуліцы. Але мне было не зусім зразумела: а навошта? Было адчуванне, што гэта не ў маёй краіне адбываецца, а дзесьці ў Еўропе, дзе людзі кідаюць бутэлькі ў машыны, грамяць вітрыны».
Не адчула пераменаў Света і пасля 2020 года. Выехалі за мяжу пара сем'яў, з якімі яна мела зносіны. Яе і сям'ю гэта асабліва не закранула, жыццё не памянялася.
Але ў 2022 годзе ў яе жыццё нечакана прыйшоў страх. Ва Украіне пачалася вайна. Старэйшы сын у гэты час служыў у войску, яго прызвалі пасля заканчэння каледжа.
«Мне было так страшна, што я не спала пару сутак. Я бясконца маніторыла навіны і сачыла за тым, што адбываецца», — прызнаецца Святлана.
Сыну ўдалося патэлефанаваць з часці і супакоіць маці, што ўсё добра, і ніхто нікога нікуды не адпраўляе. Са слоў Святланы, страх трохі адпусціў, але жыў з ёй увесь час амаль год, пакуль сын не вярнуўся з войска.
«Я літаральна пасівела за гэты год. І цяпер вельмі добра разумею фразу: «Калі ты не займаешся палітыкай — яна зоймецца табой». Я пачала цікавіцца тым, што адбываецца ў палітыцы, але страху стала яшчэ больш», — кажа беларуска.
На будучыя так званыя выбары Света таксама не пойдзе. Але цяпер ужо прынцыпова. Яна разумее, што яе голас нічога не вырашае. І вельмі баіцца за свайго малодшага сына-падлетка, якому таксама, верагодна, давядзецца служыць у войску.
«Гісторыя Святланы дэманструе важную і даволі распаўсюджаную праблему, звязаную з ахоўнымі механізмамі псіхікі. Калі чалавек свядома пазбягае таго, што здаецца складаным, непрадказальным і стрэсавым, ён шукае стабільнасці і камфорту ў іншых сферах жыцця — сям'і, побыце, хобі.
Такі выбар дазваляе мінімізаваць трывожнасць і захаваць рэсурс для штодзённых клопатаў, — гаворыць псіхолаг Марына Пташук. — Але цалкам адключыцца ад знешняга свету немагчыма. Як паказаў вопыт Святланы, падзеі, якія тычацца блізкіх людзей, здольныя разбурыць адчуванне бяспекі, выбудаванае гадамі.
Гісторыя Святланы — напамін, што палітыка неаддзельная ад нашага жыцця. І хоць яе ўплыў можа быць страшным, усведамленне і актыўная пазіцыя дапамагаюць не толькі знізіць трывогу, але і абараніць тых, хто нам дарагі».
Шрайбман: Адлігі не будзе, Лукашэнка — галоўны неперагортвальнік старонкі ў беларускім грамадстве
Колькі беларусаў падтрымлівае Расію ў вайне? Вынікі новага апытання
Сацыёлагі: Нават праўладныя беларусы не супраць «адлігі», траціна з іх — за вызваленне палітвязняў
А можа, усё ж варта, каб Лукашэнка ўдзельнічаў у перамовах па Украіне?
Каментары
А женщина - молодец. Семья это главное.