Грамадства2828

«Пляваць я хацеў на гэты Захад». Галасаванне Лукашэнкі пачалося з двух праколаў. А вось якія заявы ён зрабіў

Лукашэнка прыцягнуў з сабой на ўчастак Умку, хоць гэта забаронена ім жа прынятым законам, і той абсікаў сцяну. Пасля тэлебачанне неабачліва засвяціла спіс выбарцаў: прагаласавалі ўсяго два чалавекі. Лукашэнка заявіў, што дыялогу з апазіцыяй не будзе, і заклікаў Еўропу «дамовіцца з Расіяй». Пры гэтым ён заявіў, што яму «пляваць» на Захад. Заявы, адрасаваныя Трампу, былі супярэчлівымі.

Аляксандр Лукашэнка, 26 студзеня 2025 года. Фота AP Photo/Pavel Bednyakov

У Беларусі 26 студзеня адбываюцца «прэзідэнцкія выбары». Іх вынік прадвызначаны, як і сцэнар. Як чакаецца, Аляксандру Лукашэнку напішуць каля 90% галасоў.

Участак, дзе галасуе Аляксандр Лукашэнка, лічыцца ўчасткам №1, ён знаходзіцца ва Універсітэце фізкультуры. Галасаваць Лукашэнка прыбыў з сынам Колем, Наталляй Качанавай і шпіцам Умкай. Умка дазволіў сабе вольнасць: падняў лапу каля сцяны.

Пры гэтым у Беларусі існуе закон, які забараняе прыводзіць жывёл у крамы, установы аховы здароўя і адукацыі, аб’екты культуры і спорту. Прычым гэты закон быў прыняты пры Аляксандру Лукашэнку.

Яшчэ адзін пракол дапусціла дзяржаўнае тэлебачанне. Яно засвяціла рэальную яўку на ўчастку.

Паводле афіцыйных даных, у Беларусі нібыта прагаласавала ўжо большасць выбарцаў, 42% пры гэтым нібыта прагаласавалі датэрмінова — галасаваць загадзя ўлады змушалі ўсіх работнікаў дзяржаўнага сектара, сілавікоў і студэнтаў. Пры гэтым, каб ніхто не бачыў, які на самай справе працэнт прагаласаваў, члены камісій закрываюць спісы адмысловымі лістамі. Але ў выпадку з Лукашэнкам спіс трапіў у кадр: Лукашэнка там быў толькі другім.

Пасля галасавання Аляксандр Лукашэнка правёў традыцыйную доўгую прэс-канферэнцыю з журналістамі. Прычым гэтым разам у краіну дапусцілі вялікую колькасць замежных карэспандэнтаў — прытым што незалежныя СМІ ў краіне забароненыя, а дзяржаўныя працуюць пад строгім кантролем спецслужбаў па цэнтралізаваных метадычках.

Лукашэнка патлумачыў свае праблемы з голасам. Ён расказаў, што перанёс грып.

У палітычных заявах Лукашэнкі не прагучала нічога новага. У прыватнасці, ён па-ранейшаму адмаўляецца ад дыялогу з апазіцыяй і мае намер працягваць палітычныя рэпрэсіі. 

«Вы ведаеце, апазіцыя — гэта тыя, хто знаходзіцца ў краіне. А дыялог я гатовы весці з тымі, ад каго нешта залежыць», — заявіў Лукашэнка, адказваючы на пытанне нямецкіх журналістаў, ці гатовы ён весці дыялог з апазіцыяй.

Ён таксама па-ранейшаму абражаў Захад і ўсе суседнія краіны, акрамя Расіі.

Ён абверг, што вызваляе палітвязняў у якасці жэста добрай волі для Захаду.

«Публічна вам заяўляю: не хочам выкарыстоўваць гэты працэс дзеля сігналу Захаду. Пляваць я хацеў на гэты Захад», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Заявы на адрас новаабранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа былі супярэчлівыя. Лукашэнка прызнаў, што не ведае, чаго чакаць ад новай амерыканскай адміністрацыі.

Лукашэнка лічыць, што цяперашні прэзідэнт ЗША здольны на тое, каб дзейнічаць «алагічна» ў параўнанні з традыцыйнай палітыкай ЗША. «Мы на гэта спадзяёмся», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Дональд — класны артыст, акцёр. Ён шоумен, бізнесмен і іншае. Вельмі класны. Ён умее гэта рабіць. У яго такі характар, што ён не саромеецца гэта рабіць, — сказаў Лукашэнка. — Як вопытны палітык, мушу сказаць, што я не зусім разумею і не ведаю, што зменіцца ў нас у нашым рэгіёне пасля прыходу да ўлады Трампа».

У той жа час Аляксандр Лукашэнка заклікаў «менш звяртаць увагу на рознага роду заявы ў ЗША, якія ў першую чаргу разлічаны толькі на рэзананс у СМІ». У гэтым плане ён параіў браць прыклад з Кітая, для якога гэта ў парадку дня 25-е пытанне.

«Мы не чакаем ад Амерыкі нейкіх «падарункаў», але мы хочам з імі супрацоўнічаць», — сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка асудзіў жэст Ілана Маска на інаўгурацыі. Але сам пры гэтым зігануў.

«Чым бы яны гэта ні абгрунтоўвалі, калі ён там зігуе адкрыта, — гэта абнаглелі амерыканцы ўжо і гэты Маск. Чаму яўрэі гэта спакойна праглынулі? Пад гэтым зігам Халакост быў здзейснены. Ніводны яўрэй Маска не асудзіў і Трампу не сказаў, што вы робіце там, — заўважыў Лукашэнка. — Што ты выходзіш на экран і на мільёны людзей зігуеш? Каму ты дабро прыносіш? Бо мы з амерыканцамі супраць гэтага змагаліся. Гэта ўжо ачмурэлі і адурэлі».

На адрас Польшчы Лукашэнка паўтарыў свае ранейшыя хлуслівыя заявы аб тым, што Варшава прэтэндуе на Заходнюю Беларусь і Украіну.

Хоць Польшча ніколі такога не дэкларавала, а наадварот, зафіксавала падтрымку незалежнасці і цэласнасці Беларусі і Украіны ў якасці галоўнага прыярытэту сваёй замежнай палітыкі. 

Лукашэнка таксама расказаў пра сваё бачанне кампрамісу для міру ва Украіне па стане на сёння.

«Кампраміс можа быць такі. Уладзімір Уладзіміравіч [Пуцін] нядаўна сказаў: выходзьце за межы абласцей — Данбас, Луганская вобласць, потым Херсон, Запарожская вобласць. Туды — да меж. Усё — спыняемся. Але, напэўна, не зусім… Той жа [украінскі бок] адыходзіць на межы не будзе. Ну тады што? Ну тады не патрабуйце, каб мы вам вярнулі тэрыторыі і Азоўскае мора, якія калісьці былі ўкраінскімі. Вось кампраміс, каб спыніцца на лініі судакранання. Магчымы. Гэта маё такое меркаванне. Але Уладзіміру Зяленскаму і Уладзіміру Пуціну відней. Яны там непасрэдна пагружаны ў гэта. Але кампраміс давядзецца знайсці. З разлікам на тое, што прыйдзе час, народы вызначацца, дзе ім жыць і якую валюту выкарыстоўваць», — мяркуе Лукашэнка.

 Еўропу Лукашэнка заклікаў дыстанцыявацца ад ЗША і «дамовіцца з Расіяй».

«У Еўропы адзін шлях, разумны шлях — праводзіць сваю палітыку. Грошы ёсць, тэхналогіі ёсць. Патрэбныя рэсурсы. Яны тут, на беларуска-расійскай прасторы. Яны ў Расіі. Дамоўцеся з Расіяй. Яны ж вам гатовыя прыродны газ танней прадаваць, нафту танней. І калі з Расіяй дамовіцца, якая Амерыка, нават Кітай не дасць рады гэтаму аб’яднанню, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Чаму гэта не адбываецца? Гэта ж можна зрабіць, я кажу вам як прэзідэнт. Па-беларуску кажучы, «духу не хапае». Няма каму прыняць такое рашэнне», — журыўся ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама чарговы раз какетнічаў наконт рашэння заставацца на пасадзе прэзідэнта. Заявіў, што не хацеў ісці на выбары, бо «чыста вонкава неяк непрыстойна — 30 гадоў ва ўладзе». Угаварыла яго пераназначыць сябе яшчэ на адзін тэрмін быццам Наталля Качанава: «Я яе такой ніколі не бачыў. Як так? Вы што, нас кідаеце? Вы пойдзеце? Мы не гатовыя сёння, кажуць».

Ён у чарговы раз сказаў, што не збіраецца аддаваць уладу дзецям, а новага прэзідэнта заклікаў шукаць сярод міністраў і чыноўнікаў. Але толькі не жанчыну, бо «жанчына не можа быць дыктатарам».

Лукашэнка расказаў, куды здзейсніць першы афіцыйны візіт пасля выбараў — у Расію. 

Каментары28

  • Ёсік
    26.01.2025
    Палітык? Не, ты дыктатар, табе далёка да палітыка. Можна мець пасьведчаньне кіроўцы, але лепш не сядаць за стырно, тое ж тычыцца цябе, калі ты сябе называеш прэзідэнтам і палітыкам. Нічога не зьмянілася за трэць стагодьдзя - хлусьня, абразы, блазанства, кім быў, тым і застаўся.
  • Шозан Ах
    26.01.2025
    Гэта дзясяты артыкул запар, у якім у загалоўку прысутнічае слова "лукашэнка". Няўжо вы думаеце, што ўсім цікава чытаць пра гэтага персанажа?
  • нявеста азаронка
    26.01.2025
    "пракол дапусціла дзяржаўнае тэлебачанне"
    дапусціла спецыяльна ? )

У які дзень у 2020-м маглі здарыцца перамены? Польскі дыпламат выдаў кнігу аб працы ў Беларусі і даў адказ на гэта пытанне9

У які дзень у 2020-м маглі здарыцца перамены? Польскі дыпламат выдаў кнігу аб працы ў Беларусі і даў адказ на гэта пытанне

Усе навіны →
Усе навіны

EPAM і Wargaming заплацілі самыя вялікія падаткі сярод усіх літоўскіх IT-кампаній10

Спецпрадстаўнік ЗША: Санкцыі супраць Расіі працуюць «на 3 балы з 10», іх можна ўзмацніць14

Беларускую добраахвотніцу Марыю Зайцаву пахавалі на могілках у Кіеве ФОТА3

Ва Уруччы пабудуюць чатыры шматпавярховікі4

Мілы сабака на запраўцы, што радуецца любому чалавеку, скарае сацсеткі18

ЗВР Беларусі дасягнулі 9 мільярдаў даляраў7

Як тэлешоу дапамаглі знізіць колькасць разводаў у Паўднёвай Карэі3

Анастасія Нюфер з ЗША, вызваленая ў Беларусі ў дзень выбараў, апублікавала першае фота1

Два гомельскія кур‘еры забралі 100 тысяч у 87-гадовай жанчыны, кінулі куратара і пачалі салодкае жыццё5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У які дзень у 2020-м маглі здарыцца перамены? Польскі дыпламат выдаў кнігу аб працы ў Беларусі і даў адказ на гэта пытанне9

У які дзень у 2020-м маглі здарыцца перамены? Польскі дыпламат выдаў кнігу аб працы ў Беларусі і даў адказ на гэта пытанне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць