Працоўныя мігранты праблемы эканомікі Беларусі не вырашаць, і Лукашэнка пачаў гэта разумець. Меркаванне Чалага
«У краіну людзі імігруюць па дзвюх прычынах. Але ў нас няма ні таго, ні другога».
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/stock/selskoje_hozvo_zuraviny-5186-pxo4b.jpg.webp)
Нядаўна Аляксандр Лукашэнка назваў выклікам вымушаную міграцыю людзей. Праўда, гаварыў ён не пра беларусаў, якія з'язджаюць з краіны, а замежнікаў, якія прыязджаюць працаваць.
«Падцягваюцца людзі, якія хочуць жыць, працаваць, зарабляць і нейкую капейку пасылаць на радзіму, каб пракарміць сваіх дзяцей. Але ўся бяда ў тым, што гэтыя людзі далёкія ад тых спраў, якія мы вырашаем. Яны некампетэнтныя. Яны прафесійна не падрыхтаваныя», — заявіў Лукашэнка.
Эканаміст Сяргей Чалы ў новым выпуску сваёй праграмы пракаментаваў гэтыя словы:
«Нічога сабе, вось так вось па эмігрантах. Ну добра, ад Трампа можна такое пачуць, што туды [у ЗША] «Мексіка пасылае толькі сваіх злачынцаў і гвалтаўнікоў».
Па словах эканаміста, гэтыя словы — першае прызнанне на ўзроўні Лукашэнкі таго, што «ідзе skills mismatch у эканоміцы». Так называюць сітуацыю ў эканоміцы, калі навыкі, якімі валодаюць работнікі, не адпавядаюць патрабаванням рынку працы. У выніку ў эканоміцы недахоп работнікаў, хоць і ёсць прыток працоўнай сілы.
Чалы заўважае, што пра гэту праблему даўно гаварылі. Ён нагадвае словы намесніцы міністра эканомікі Беларусі Таццяны Бранцэвіч:
«Некаторыя краіны кампенсуюць недахоп нацыянальных працоўных рэсурсаў за кошт міграцыі. Досыць распаўсюджаная стратэгія. Але неадназначная з пункту гледжання выніку. Проста праз тое, што для прарыўнога развіцця неабходныя кваліфікаваныя кадры. А іх, па вялікім рахунку, не хапае і ў большасці краін — патэнцыяльных рэцыпіентаў.
Таксама існуюць цяжкасці з адаптацыяй мігрантаў з далёкіх рэгіёнаў. Іх паўнавартаснае інтэграванне ў новае культурнае асяроддзе патрабуе і часавых, і фінансавых, і маральных высілкаў».
Чалы тлумачыць, чаму працоўныя мігранты не змогуць вырашыць праблемы недахопу кваліфікаваных кадраў на рынку працы Беларусі:
«У краіну людзі імігруюць па дзвюх прычынах (калі толькі гэта не тыя, хто бяжыць ад вайны) — гэта ці працаваць і жыць лепш, чым у сябе на радзіме, ці ехаць па «вэлфер» (welfare, сацыяльныя выплаты. — НН). У першым выпадку, гэта як правіла, Амерыка, у другім — Еўропа. Але ў нас жа няма ні таго, ні другога».
Днямі Лукашэнка зноў паблажліва выказаўся пра мігрантаў з Усходу.
«Хочаш запрасіць таджыкаў, узбекаў, казахаў, сірыйцаў, афганцаў, любых людзей, запрашай. Але ты павінен ведаць, што гэта за людзі і што яны табе патрэбныя на гэтым месцы і могуць гэтую аперацыю ажыццяўляць. Не ўмеюць — навучы. Але ты за гэты дзясятак-дваццаць чалавек павінен галавой адказваць», — запатрабаваў палітык.
Але пасля на сайце Лукашэнкі замест цытаты з пералікам нацыянальнасцяў напісалі, што гаворка пра безаблічных «замежных грамадзян».
«Мы нікога ад мігрантаў абараняць не будзем». Лукашэнка прагназуе новы крызіс на заходніх межах
У Беларусь прыехала ў два разы больш працоўных мігрантаў, чым летась. Якая краіна ў лідарах?
Недахоп работнікаў у Беларусі выклікаў нечаканы пабочны эфект
Беларусь шукае работнікаў у В'етнаме. Вось чаму пакуль нічога не атрымалася
Каментары