Вучоныя адкрылі новы тып дыназаўра, падобнага да Т-Рэкса, які лічыўся страчаным
Навукоўцы здолелі пераакдрыць новага вялікага дагістарычнага монстра, рэшткі якога былі знойдзены ў пясках Егіпта, а пасля згарэлі ў полымі Другой сусветнай вайны. Паводле даных, істота па моцы і памеры не саступала знакамітаму і грознаму Т-Рэксу.
Яшчэ сто з лішкам гадоў таму, у 1914-м, у егіпецкім аазісе Бахарыя археолагі знайшлі косткі невядомага гіганта, які жыў у Паўночнай Афрыцы каля 95 мільёнаў гадоў таму, і пазней адправілі іх на вывучэнне ў Мюнхен. Праз тры дзесяцігоддзі гэтая знаходка, як і многія іншыя каштоўныя музейныя экспанаты, былі знішчаны падчас бамбёжак горада ў Другую сусветную вайну, і здавалася немагчымым знайсці ці аднавіць пра іх хоць нейкія запісы.
Аднак, як паведамляе партал Interesting Engineering, вучоныя з Баварскага дзяржаўнага архіва калекцый палеанталогіі і геалогіі (SNSB) і Мюнхенскага ўніверсітэта Людвіга-Максіміліяна (LMU) адшукалі старыя фотаздымкі таго самага шкілета і дзякуючы ім адкрылі новага дыназаўра.
Яшчэ да бамбёжак Мюнхена нямецкія палеанталогіі назвалі старадаўнюю істоту «акулазубым яшчарам» (Carcharodontosaurus). Але новыя даныя сведчаць, што гэты монстр, які дасягаў 10 метраў у даўжыню і быў не меншым за знакамітага паўночнаамерыканскага Tyrannosaurus Rex (Тыраназаўр Рэкс), насамрэч утварае асобны від.
Вучоныя далі новаму дыназаўру назву Tameryraptor markgrafi у гонар старажытнай назвы Егіпта «Тамеры» (Ta-meri, ці «Умілаваная зямля») і даследчыка Рычарда Маркграфа, які і знайшоў першым косткі драпежніка ў Егіпце.
Тамерыраптар мае адметныя прыкметы: сіметрычныя зубы і выразны рог на носе. Драпежнік генетычна блізкі да кархарадантазаўраў з Паўночнай Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі, а таксама да азіяцкіх метрыакантазаўраў, што дазваляе сцвярджаць пра больш складаную эвалюцыю дагістарычных драпежнікаў і больш разнастайную фаўну Паўночнай Афрыкі, чым меркавалася раней.
«Гэтае адкрыццё паказвае, што палеантолагам трэба раскопваць не толькі зямлю, але і старыя архівы», — адзначылі нямецкія навукоўцы ў сваім новым даследаванні.
Каментары