Праз год пасля затрымання яму далі сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Севярынца затрымалі 7 чэрвеня 2020 года, за два месяцы да пачатку пратэстаў, каля дома, калі той вяртаўся з Камароўкі з перадвыбарчага пікета Святланы Ціханоўскай.
Спачатку яму некалькі разоў давалі адміністрацыйныя суткі, але так і не адпусцілі, у выніку завёўшы крымінальную справу.
Праз год яго асудзілі (суддзя Ірына Ланчава) на сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках».
Тады здавалася, што гэта жахлівы тэрмін, але праз год судовыя прысуды, на жаль, пабілі папярэднія тэрміны ў разы.
Разам з Паўлам судзілі блогера Змітра Казлова, грамадскую актывістку Ірыну Шчасную, актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Максіма Вінярскага і Андрэя Войніча.
Журналістка Любоў Лунёва ўспамінала ў сацыяльных сетках:
«Я яго памятаю яшчэ студэнтам. І памятаю, як яго, выдатніка, спрабавалі адлічыць з універсітэта, а мы хадзілі да рэктара, бо тады яшчэ гэта мела і сэнс, і вынік…
Чаго толькі не адбылося ад таго часу!
Ёсць людзі, ад якіх сапраўды ідзе нейкае святло. Паша заўсёды такі. А яшчэ з яго б выйшаў цудоўны педагог. Я на свае ўласныя вочы бачыла, колькім падлеткам ён дапамог утрымацца на дарозе і не зваліцца ў канаву, калі ўжо зусім вобразна казаць».
Маці палітыка Таццяна Севярынец згадала, якім быў для Паўла канец 2006 года. Ён тады адбываў хімію ў вёсцы Малае Сітна (Полацкі раён).
«Мы з Кастусём наведалі ў Віцебскім ІЧУ Валеру Шчукіна, перадалі яму што з навагодніх прысмакаў, газеты, вярнуліся дадому і нарэшце датэліліся да Паўла — быў у атачэнні аховы у Маласітненскім інтэрнаце лясгаса. Захвалявалася я, сабралі, што было, і рванулі на вакзал. Ахова з’ехала сустракаць НГ па дамах, Паша быў адзін. Абнялі нашага сына, ноч чыталі паштоўкі, якія панапрыходзілі яму з усяго свету, частавалі дамашнім, крыху прыкарнулі, былі сведкамі строгага выхавання Паўлам Партызана — здаровага блакітнага ката, які «складаў» Паўлу «кампанію» на высылцы…
А Паша працаваў, як заўсёды, бо марнаваць час ён так і не навучыўся. Тады мы маглі вось так у ноч ірвануць да сына, быць з ім побач… Цяпер тое немагчыма.
Але я думкамі ўвесь час з табой, мой любы сынок, малюся за цябе і дзякую Госпаду, што Ён цябе нам даў», — напісала ў фэйсбуку Таццяна Севярынец.
Адрас для лістоў: ПК № 17. 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8
Каментары