Прэм'ер Нідэрландаў ідзе ў адстаўку. Дзеля гэтага кароль нават вернецца з адпачынку
Марк Рутэ на пазачарговай прэс-канферэнцыі ў пятніцу ўвечары абвясціў пра адстаўку ўрада праз нязгоду па міграцыйнай палітыцы. Урад Нідэрландаў ён узначальвае 13 гадоў.
Па словах Рутэ, чатыры партыі, якія фармуюць урад Нідэрландаў, не змаглі прыйсці да пагаднення адносна міграцыі, таму некаторыя з іх вырашылі выйсці са складу кааліцыі, і «мы не можам гэтага пазбегнуць». Прэм'ер узяў на сябе адказнасць за сітуацыю, як паведамляе «Еўрапейская праўда».
Заяву пра адстаўку Кабінета міністраў Рутэ падаў каралю Нідэрландаў Вілему-Аляксандру ў пісьмовай форме, бо той знаходзіўся ў адпачынку ў Грэцыі. Чакаецца, што ў суботу кароль вернецца і прыме прэм'ера.
Таксама чакаецца, што ў панядзелак дэпутаты ніжняй палаты парламента Нідэрландаў збяруцца на пазачарговае пасяджэнне, бо ўжо пайшлі на летні перапынак, і абмяркуюць сітуацыю з адстаўкай урада.
Рутэ і ўвесь урад Нідэрландаў будуць выконваць свае абавязкі да пазачарговых выбараў, якія адбудуцца не раней за сярэдзіну лістапада.
Прычынай адстаўкі ўрада Нідэрландаў стала нязгода асобных партый кааліцыі з узмацненнем строгасці міграцыйнай палітыкі, якая б прадугледжвала магчымы развод сем'яў шукальнікаў прытулку.
У краіне, якая мае адну з самых строгіх міграцыйных палітык, летась колькасць заявак на прытулак вырасла да больш як 46 тысяч і сёлета можа павялічыцца да больш як 70 тысяч.
Гэта павялічвае нагрузку на прытулкі краіны, дзе на працягу месяцаў мінулага года сотні бежанцаў былі вымушаныя спаць на вуліцы з абмежаваным доступам або наогул без доступу да пітной вады і медыцынскай дапамогі.
56-гадовы Марк Рутэ працуе прэм'ер-міністрам Нідэрландаў з 2010 года і ўзначальваў агулам чатыры ўрады. Яго апошні Кабінет міністраў праіснаваў паўтара года — ён пачаў працу ў студзені 2022-га.
Каментары