Інтэрнэт і СМІ

Пачынаў з «Зоны Х», даў дарогу азаронкам, а цяпер узначаліў Сталічнае тэлебачанне — гісторыя поспеху Кірыла Казакова

Аляксандр Лукашэнка прызначыў Кірыла Казакова генеральным дырэктарам канала СТБ. Яшчэ нядаўна такое кадравае рашэнне не выклікала б ніякага інтарэсу ў назіральнікаў, але цяпер усё не так — па ўзроўні трэшу ў тэлеэфіры СТБ па-за канкурэнцыяй. 

Дык хто такі Кірыл Казакоў? 

Яму 41 год, у сталіцу Казакоў прыехаў ужо пасля вучобы на магілёўскім гістфаку: там быў факультэт дадатковых прафесій, дзе Казакову па сумяшчальніцтве выкладалі яшчэ і журналістыку. 

Яго добра памятаюць гледачы БТ пачатку двухтысячных — малады Казакоў вёў самую папулярную праграму беларускай вытворчасці: «Зона Х». Дыктар зачытваў крымінальную хроніку з аператыўных зводак пад адпаведны відэашэраг.

Тады ж Казакоў вельмі зблізіўся з работнікамі сілавых органаў, пачаў захапляцца іх асабістымі якасцямі. 

«Я вельмі паважаю нашага міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава — у жыцці гэта вельмі добры і адкрыты чалавек. А ведаеце, што міністр надзвычайных спраў Валерый Астапаў піша вершы? Цяпер я шчыльна працую з КДБ і пра гэтых людзей магу сказаць, у прынцыпе, тое ж самае», — казаў Казакоў «СБ» у 2003-м. 

Пасля зорнага часу ў «Зоне Х» Казакоў на год узначаліў канал «Беларусь-24», які нібыта меў працаваць на міжнародную аўдыторыю, але ніколі так і не стрэліў. 

Затым вярнуўся ў Агенцтва тэленавін (АТН) і кіраваў ім. З гледзішча беларускай тэлевізійнай іерархіі начальнік АТН — гэта топавая пазіцыя. З яе трапляюць у крэслы старшыняў праўлення БТ, як, напрыклад, Іван Эйсмант.

Але ў Казакова пасля прызначэння Наталлі Эйсмант прэс-сакратаром Лукашэнкі нешта пайшло не так. 

«У АТН ён працаваў даволі прадуктыўна, быў адным з самых талковых топ-менеджараў БТ, але чамусьці яго адтуль адсунулі і адправілі фактычна у высылку на СТБ, хаця ён пачынаў кар'еру на БТ і быў суцэльна іхнім кадрам. У плане іерархіі і і колькасці людзей у падпарадкаванні гэта было паніжэнне», — кажуць знаёмыя з прафесійным шляхам Казакова.

Былыя і цяперашнія работнікі СТБ ацэньваюць фігуру Казакова з двух палярных бакоў. Маўляў, да яго няма пытанняў як да менеджара. 

«Ён умее працаваць з калектывам, падпарадкаваў сабе бесталковых менеджараў некаторых службаў, якія і радыя за кожнай драбязой званіць Казакову і раіцца. У плане дысцыпліны і механікі працэсаў работа на СТБ з яго прыходам палепшала», — кажа работнік СТБ.

«Казакоў адмяніў панылыя бессэнсоўныя планёркі, паводзіць сябе аднолькава роўна і з рэдактарам аддзела, і з кіроўцам службовай машыны, нейкай звышсубардынацыі і кленчання перад ім няма, ён такога не дапускае, моладзь пра яго адгукаецца таксама добра», — дадае іншы журналіст.

І партрэт Казакова быў бы ледзь не суцэльна белым, калі б не падзеі 2020-га, калі канал стаў авангардам бруду і паклёпаў. 

«СТБ не грэбуе нічым, выдае ў эфір самы бруд, самую чарнуху, самыя агідныя тэксты. Пры Казакове СТБ стаў №1 па паклёпе, маё перакананне — гэты перыяд у дзейнасці канала ў будучыні будзе ацэнены з пазіцый крымінальнага кодэкса», — кажа «Нашай Ніве» адзін са звольненых супрацоўнікаў. 

Сапраўды: Азаронак, Арцюх, Пуставы, Мукавозчык — усе гэтыя людзі са сваімі дзікімі тэкстамі з'явіліся ў эфіры пры Казакове. 

«Ён лічыць гэта «аўтарскай журналістыкай» і ў нейкай ступені ганарыцца, што даў дарогу такім кадрам, маўляў, так канал становіцца пазнавальным па асобах», — кажа цяперашні супрацоўнік СТБ.

Маўляў, тэксты азаронкаў Казакоў чытае сам, але не правіць: бо там або перапісваць ушчэнт, або пакідаць як ёсць.

У жніўні Казакоў выглядаў разгубленым. 

«17 жніўня, калі людзі прыйшлі пад сцены СТБ, а калектыў выбухнуў, Казакоў стаў гаварыць з людзьмі. Маўляў, ён галасаваў за Лукашэнку, але згодны, што трэба нейкія перамены рабіць, праўда, паступовыя. Пераконваў, што трэба заставацца працаваць, што ўсё зменіцца, што яму ў Адміністрацыі паабяцалі штодзённыя брыфінгі ў міліцыі, дзе будуць расказваць, як расследуюцца справы аб катаваннях. Скардзіўся, што нават яго аднагрупнікі пішуць яму брыдкасці ў сацсетках, але, маўляў: «Ну я ж не такі, я тут, з вамі», — дадае былая работніца СТБ, якая не паверыла ў гэтыя расказы і сышла. 

Адметна, што Казакоў прабіўся на кіруючую пасаду, не маючы цёплых адносін з Наталляй Эйсмант. 

Прызначаючы яго на пасаду, Лукашэнка сказаў: «Так выйшла, што я асабіста ўбачыў вас у справе. Канал вельмі падцягнуўся. Я, напрыклад, ужо амаль не бачу розніцы між СТБ і, як у нас прынята казаць, вядучымі каналамі». 

Каментары

Стала вядома, за што будуць судзіць першага намесніка начальніка Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі2

Стала вядома, за што будуць судзіць першага намесніка начальніка Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

У Філадэльфіі разбіўся самалёт санітарнай авіяцыі. Загінулі шэсць чалавек2

Трамп заявіў, што яны з Пуціным могуць зрабіць нешта «значнае» для спынення вайны Расіі ва Украіне16

Былы камандзір Палка Каліноўскага Дзяніс «Кіт» Прохараў расказвае, чым цяпер займаецца50

Навуковец з Гомеля выкрыў маштабную фальсіфікацыю вынікаў перапісу ў Беларусі. Але ёсць нюанс24

Беларус паўгода «інвеставаў» грошы махлярам і страціў 120 тысяч рублёў1

Медыкі канчаткова вызначылі, ці шкодна есці бульбу7

«Кроў вайны». Чым важныя атакі Украіны на расійскія НПЗ і ці ёсць ад гэтага эфект1

Нямецкі Бундэстаг адхіліў законапраект аб пастрожанні міграцыйнага заканадаўства8

З 1 лютага ЗША ўводзяць высокія мыты супраць тавараў з Кітая, Канады і Мексікі25

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, за што будуць судзіць першага намесніка начальніка Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі2

Стала вядома, за што будуць судзіць першага намесніка начальніка Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць