Палітзняволенага Юрася Зянковіча здымалі, падобна, у гатэлі «Еўропа»
Мэбля мінскага гатэля — крэсла і столік — падобная да той, што ў кадры АНТ.
Від на праспект у пачатку анонсу — недалёка ад Ратушы на Нямізе, што побач з гатэлем.
Амерыканскі юрыст Юрась Зянковіч разам з іншымі фігурантамі «справы змоўшчыкаў» быў затрыманы ў красавіку 2021 года. Пасля гэтага КДБ і ФСБ заявілі, што нібыта прадухілілі замах на Лукашэнку і ягоных сыноў, а таксама аб «раскрыцці дзяржаўнага перавароту». Зянковіч — адзіны з пяці абвінавачаных па гэтай справе, хто заключыў здзелку са следствам. Ён цалкам прызнаў сваю віну.
Яго прызналі вінаватым па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці). У верасні 2022 года Зянковічу прызначылі 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Праз тры месяцы палітвязня судзілі ўжо па новай крымінальнай справе. Зянковіча абвінавачвалі ў «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК). Падставай для гэтага сталі «абразлівыя каментары ў тэлеграм-канале, прызнаным экстрэмісцкім». У снежні 2022 года суд Мядзела дадаў яму яшчэ паўгода зняволення.
Тэрмін палітвязень спачатку адбываў у бабруйскай калоніі №2. Адміністрацыя калоніі прымушала палітвязня выносіць вёдры з экскрэментамі і мыць прыбіральню, а калі той адмовіўся — адпраўлялі ў ШІЗА. Палітвязень тады абвяшчаў галадоўку. Пазней Юрасю ўзмацнілі пакаранне і паводле рашэння бабруйскага суда перавялі на турэмны рэжым у Магілёў.
Па інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», у магілёўскай турме №4 яго пазбавілі перадач, таксама яму нельга было мець грошы на рахунку для «атаваркі». Да Юрася зноў пастаянна чаплялася адміністрацыя і доўгі час утрымлівала яго ў ШІЗА. Праз гэта палітвязень аб'яўляў некалькі разоў галадоўкі. Апроч усяго, ён мог камунікаваць толькі са святаром.
У верасні 2024 года прапагандысты ўжо паказвалі фільм з удзелам Зянковіча, які ўразіў усіх тым, што палітвязень змяніўся да непазнавальнасці — схуднеў як у канцлагеры.
Як цяпер выглядае палітзняволены Юрась Зянковіч. Ён не ў робе, а ў цывільным касцюме
Дзе прапагандысты здымалі Ігара Лосіка і іншых палітвязняў?
Пасольства ЗША ў Беларусі зрэагавала на фільм з Юрасём Зянковічам
БТ паказала Зянковіча, каб той звярнуўся да Трампа і Харыс з просьбай забраць яго
Як выглядае 46-гадовы юрыст Юрась Зянковіч праз тры з паловай гады зняволення ў беларускай турме
Каментары