МЗС Латвіі плануе абмежаваць прыём заяў на візу для грамадзян Беларусі
Прадугледжваецца ўвесці абмежаванні на падачу візавых заяў і ўезд у Латвію для грамадзян Расіі і Беларусі, гаворыцца ў анатацыі да праекта прававога акта, падрыхтаванага Міністэрствам замежных спраў, паведамляе Delfi.lv са спасылкай на агенцтва LETA.
У анатацыі да праекта тлумачыцца, што «з моманту поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, якое таксама падтрымлівае беларускі рэжым, разведвальныя і гібрыдныя пагрозы ў рэгіёне значна ўзраслі».
«Каб прадухіліць уезд у Латвію замежнікаў або іншых асоб, якія нясуць рызыку і могуць быць звязаныя са службамі разведкі і бяспекі Расіі, з лютага 2022 года ў Латвіі не толькі ўзмоцнены міграцыйны кантроль і правядзенне розных праверак, але і ўведзены дадатковыя меры, што абмяжоўваюць уезд у краіну», — гаворыцца ў дакуменце.
Пастановы Кабміна, прынятыя тры гады таму, уводзілі абмежаванні на ўезд для грамадзян Расіі, а таксама прадугледжвалі, што грамадзяне РФ і РБ, якім выдаецца віза або від на жыхарства, павінны прайсці дадатковую праверку, каб ацаніць, ці не з’яўляецца іх уезд пагрозай нацыянальнай бяспецы або грамадскаму парадку.
Распараджэнне Кабміна аб дадатковых праверках для грамадзян РФ і РБ дзейнічае да 5 сакавіка 2025 года.
«Надалей, з мэтай прадухілення пагроз грамадскаму парадку, міжнародным адносінам і ўнутранай бяспецы Латвіі, якія звязаныя з дзеяннямі супраць нацыянальнай незалежнасці, суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці, дзяржаўнай улады або дэмакратычнага ладу Латвійскай Рэспублікі», у праекце прававога акта плануецца ўдакладніць абмежаванні, звязаныя з прыёмам заяў на атрыманне візы і перасячэннем знешняй мяжы Латвіі.
Каментары