Пракруціў цела праз мясарубку — 17 гадоў, бензапілой рэзаў жанчын — 15. За што ў Беларусі раней давалі драконаўскія прысуды?
Сёння групе палітвязняў — Ціханоўскаму, Статкевічу, Лосіку, Цыгановічу, Папову, Сакаву — далі драконаўскія тэрміны ад 14 да 18 гадоў. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, грамадства не ведае, у чым заключаецца віна гэтых людзей, як яны звязаны паміж сабой і якія злачынствы зрабілі. Такія прысуды цяжка асэнсоўваць і аналізаваць. Але мы можам успомніць і параўнаць, калі яшчэ і за што ў гісторыі Беларусі людзям давалі такія тэрміны.
Напачатку 2020-га мінскія камунальшчыкі знайшлі ў Свіслачы спартовую сумку з чалавечымі рэшткамі, аказалася, што гэта адрэзаныя часткі цела жанчыны. Яе забойцам быў 26-гадовы хлопец.
За тое, што ён зрабіў, яму далі 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і спагналі кампенсацыю ў памеры 220 тысяч рублёў.
А вось гісторыя 2015 года: ужо сумнавядомы Павел Ціняўскі п’яным накінуўся на сваю дзяўчыну, спачатку ўдарыў нажом, потым душыў рэменем.
Яна памерла, Ціняўскі пазваніў маме.
Разам яны вырашылі схаваць сляды: Ціняўскі нажом, сякерай і балгаркай рэзаў цела дзяўчыны на кавалкі, а ягоная маці варыла ўнутраныя органы і пракручвала іх на мясарубцы. Нейкую частку парэштак спалілі ў лесе, нейкай часткай былі забіты трубы ў доме.
Колькі ім далі? Павел Ціняўскі атрымаў 17 гадоў, з іх першыя пяць — у турме, а 12 — у калоніі строгага рэжыму. Яго маці атрымала два гады калоніі агульнага рэжыму. А таксама суд абавязаў іх сплаціць два мільярды недамінаваных рублёў маральнай шкоды.
У 2016-м злавілі ўдзельнікаў полацкай банды амаральных злачынцаў.
Прэс-сакратарка СК Юлія Ганчарова расказвала, што ў справе 50 ахвяр: чатыры абвінавачаныя знаёміліся з жанчынамі пачынаючы з 1999-га, паілі іх алкаголем і снатворным, прывозілі ў кватэру аднаго з бандытаў і там гвалцілі, здзекаваліся. Адна з ахвяр загінула — яе закапалі ў кар'еры.
Судзілі бандытаў за забойства, згвалтаванні, рабаванне, гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару, выкраданні людзей.
Арганізатару, Аляксандру Апеньку, далі 22 гады, саўдзельнікам Івану Серпуцю, Дзмітрыю Дэрменджы, Анатолю Панфілаву — 15, 12 і тры з паловай года строгага рэжыму адпаведна.
Апроч таго, банда мелася выплаціць 67 тысяч рублёў шкоды.
А памятаеце Уладзіслава Казакевіча, студэнта МІТСО, які ў 2016-м прыйшоў з заведзенай бензапілой у ГЦ «Еўропа», зарэзаў гэтай пілой жанчыну, а потым пачаў біць іншых сякерай?
Тады яго спынілі людзі. Казакевіча судзілі за забойства з асаблівай жорсткасцю, замах на забойства, падрыхтоўку да забойства, хуліганства.
Ён атрымаў 15 гадоў і 220 тысяч рублёў штрафу.
У тэму злачынства і суровага пакарання можна ўспомніць знакамітую «справу сямнаццаці» — справу сапраўднага наркасіндыката, які ўзначальваў выпускнік журфака Канстанцін Вілюга.
Вілюга адным з першых у краіне адкрыў інтэрнэт-краму па продажы псіхатропаў — міксы, спайсы на той момант не лічыліся забароненымі. А візітоўкі пра гэта раздавалі проста на вуліцы.
Формулы псіхатропаў забаранялі, уладальнікі інтэрнэт-крамы прыдумвалі новыя. Абыходзіць закон удавалася не без дапамогі. Іх кансультавалі сілавікі, якія рабілі экспертызу кожнай партыі наркотыкаў.
Усе падрабязнасці гэтай справы настолькі жахлівыя, што так і не трапілі ў публічную прастору і не дайшлі да суда. Аднак на лаве падсудных усё ж апынуліся 17 чалавек.
Канстанціну Вілюгу далі 19 гадоў, ягонай памочніцы Аліне Церыгеры далі 18 гадоў пазбаўлення волі, Ірыне Семяняка — 14.
Саўдзельнікам з органаў таксама далі тэрміны: кадэбэшніку Дзмітрыю Вераценскаму далі дзевяць гадоў, Ігару Карыцкаму — восем, столькі ж і супрацоўніку ГУБАЗа Канстанціну Дзенісевічу.
Гэтыя экс-сілавікі, дарэчы, ужо на волі.
У 2017-м суд паставіў кропку ў знакамітай «справе Молнара» — бабруйскага бандыта, які гадамі тэрарызаваў горад.
Некалькі дзясяткаў абвінавачаных, закрытыя суды: гэтую справу органы прэзентавалі як найбуйнейшую і апошнюю справу арганізаванай злачыннасці ў Беларусі.
Банда Молнара складалася са спартоўцаў і займалася класічным бандытызмам: вымагальніцтвамі, выдурваннем кватэр, рабаваннямі, звядзеннем рахункаў.
Што праўда, нікога не забілі, але лёсы пакалечылі многім.
Сам Сяргей Молнар, якога называлі «сматрашчым за Бабруйскам», атрымаў 18 гадоў. Яго саўдзельнікі — па 12 гадоў і менш.
Каментары