Карач патрабуе ад Ціханоўскай сустрэчы з 10 лідарамі апазіцыі. Адзін з іх, Халезін: Мяне нават не спыталі
Вольга Карач выступіла ў фэйсбуку з адкрытым лістом да Святланы Ціханоўскай. Яна патрабуе правесці «асабістую сустрэчу лідараў дэмакратычных сіл». Для чаго?
Па-першае, каб абвергнуць прапаганду, якая спрабуе пераканаць беларускі народ у тым, што дэмакратычныя сілы не могуць знайсці кансэнсус, а займаюцца толькі інтрыгамі.
Па-другое, на думку Карач, Ціханоўская павінна выкарыстаць свой мандат, каб больш шчыльна аб’яднаць усе групы і ініцыятывы.
Хто ж павінен прыняць удзел у такой сустрэчы?
- Святлана Ціханоўская
- Павел Латушка
- Вераніка і Валерый Цапкала
- Вадзім Пракоп'еў
- Вольга Карач
- Алесь Бяляцкі
- Мікалай Халезін
- Сяргей Дылеўскі
- Ігар Макар
- Уладзімір Мацкевіч
- Алег Маісееў
Першым на ініцыятыву адрэагаваў кіраўнік «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін.
Ён заявіў, што яго ўключылі ў спіс без яго згоды. На сёння Халезіну дастаткова камунікацыі са штабам Ціханоўскай, НАУ і Каардынацыйнай радай, прычым гэта каардынацыя адбываецца без пасярэднікаў. Халезін спадзяецца, што так будзе і надалей.
«Хачу асабліва адзначыць, што я не стаўлю пад сумнеў лідарства Святланы Ціханоўскай, за якую прагаласавала большасць беларусаў. Лічу, што любыя спробы ўнясення расколу ў першую чаргу адбіваюцца на людзях, якія знаходзяцца сёння ў Беларусі, якія вымушаныя жыць у найскладанейшых умовах дыктатарскага прэсінгу. Адказным палітыкам і грамадскім дзеячам варта гэта ўлічваць у першую чаргу, ініцыюючы тыя ці іншыя працэсы», — падсумаваў Халезін.
Вольга Карач, якая жыве ў Вільні ўжо амаль дзесяць гадоў, ад нядаўняга часу спрабуе падседзець Святлану Ціханоўскую. Агрэсіўную кампанію супраць каманды Ціханоўскай яна пачала ў студзені гэтага года.
Каментары