Рэцэпт на выхадныя. Грэчаская запяканка пастыцыа — зорная страва міжземнаморскай кухні
Пастыцыа (pastitsio) лічаць традыцыйнай грэцкай стравай, але ж насамрэч ідэя запяканкі з макаронай пайшла з Італіі, а таксама пастыцыа ядуць на Кіпры і ў Егіпце. У Грэцыі яго звычайна робяць з ялавічыны, а на Кіпры — са свінінай. Як бы там ні было, запечаная макарона разам з мясам і соусам бешамель — гэта вельмі смачна. Праверце самі!
Каб зрабіць пастыцыа, вам спатрэбіцца:
- 1 сталовая лыжка аліўкавага алею + дадатковы алей для макароны
- 2 дробна нарэзаныя цыбуліны
- 2 дробна нарэзаных зубчыкі часныку
- 2 сталовыя лыжкі таматавага пюрэ (можна замяніць на кансерваваныя таматы ва ўласным соку)
- 750 грамаў свінога ці ялавічнага фаршу
- 1 чайная лыжка молатай карыцы
- 1 палачка карыцы
- 1 лаўровы ліст
- 150 мілілітраў чырвонага віна
- 2 спелыя памідоры
- 250 мілілітраў ялавічнага булёну
- 350 грамаў полай макароны (пастарайцеся знайсці макарону «трубачкай»)
- палова дробна нарэзанага пучка пятрушкі
- 3 вялікія яйкі
- 100 грамаў цёртага цвёрдага сыру (лепей за ўсё абіраць грэцкія сыры накшталт халумі)
- 160 грамаў масла
- 160 грамаў мукі
- 1,6 літра малака
- мускатны арэх, соль і свежазмолаты чорны перац
- Разагрэйце алей у вялікай патэльні на слабым ці сярэднім агні і смажце цыбулю і часнык каля 10 хвілін, пакуль яны не стануць мяккімі — але пры гэтым цыбуля і часнык павінны захаваць свой колер.
- Дадайце таматавае пюрэ і перамешвайце ўсё на працягу хвіліны, потым дадайце ў сумесь фарш і молатую карыцу. Павялічце агонь і абсмажвайце сумесь далей на працягу некалькіх хвілін, падчас гатавання размінайце фарш відэльцам ці лыжкай, каб у ім не было камякоў. Дадайце палачку карыцы, лаўровы ліст і віно, давядзіце сумесь да кіпення, а потым варыце яе 5-8 хвілін, пакуль віно не выпарыцца.
- Здыміце скуру з памідораў і натрыце іх на буйной тарцы, дадайце ў сумесь. Уліце ў сумесь булён, давядзіце да кіпення і паменшыце агонь да мінімуму. Тушыце будучае начынне на працягу 30 хвілін без вечка, пакуль вада амаль цалкам не выпарыцца, але ж сумесь павінна яшчэ заставацца трохі вільготнай.
- Разагрэйце духоўку да тэмпературы 180 градусаў. Пастаўце на пліту вялікі рондаль з падсоленай вадой, давядзіце яе да кіпення і варыце ў ёй макарону на 2 хвіліны менш, чым указана на ўпакоўцы. Зліце ваду і паліце макарону невялікай колькасцю алею. Дадайце пятрушку, яйка і жменю цёртага сыру, перамяшайце. Адстаўце ў бок.
- Каб зрабіць соус, растапіце масла ў вялікай патэльні. Дадайце да яго муку, потым паступова ўмешвайце ў сумесь малако, пакуль не атрымаеце аднародны белы соус. Варыце яго на слабым агні, пастаянна памешваючы, да загусцення. Дадайце палову ад цёртага сыру, што ў вас застаўся, і 3 дробкі мускатнага арэха. Перамяшайце і хутка ўбіце ў сумесь яйкі.
- Збіраем запяканку. Спачатку дадайце ў начынне лыжку соусу, потым выкладзіце палову макароны на дно формы для запякання. Пакладзіце зверху палову начыння, але прыбярыце з яго палачку карыцы і лаўровы ліст. Паўтарыце гэта з астатняй макаронай і начыннем. Паліце ўсё белым соусам і пасыпце цёртым сырам, які ў вас застаўся.
- Выпякайце пастыцыа 45-50 хвілін да залацістага колеру. Дастаньце запяканку з духоўкі і пакіньце яе астываць не менш, чым на паўгадзіны, потым нарэжце пастыцыа і падавайце на стол.
Каментары