Прыцягненне мігрантаў для працы ў Беларусі найбольш лабіруе Мінсельгасхарч
За актыўнае прыцягненне ў Беларусь працоўных мігрантаў з іншых краін, пра што нядаўна некалькі разоў гаварыў Лукашэнка, вельмі актыўна выступае Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, якое хоча такім чынам закрываць недахоп працоўнай сілы ў сельгасарганізацыях. Гэта вынікае з некалькіх лістоў чыноўнікаў, якія атрымала выданне «Люстэрка» пры дапамозе Belpol.
У лістападзе 2024 года чыноўнікі з Мінсельгасхарча прасілі МЗС і МУС патлумачыць, з якіх краін лепш за ўсё прыцягваць работнікаў і як іх працаўладкоўваць. У адказах ведамстваў згадваюцца Арменія, Казахстан, Расія, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан, Азербайджан, Кыргызстан, Украіна.
Акрамя таго, Belpol здабыў ліст ад міністэрства ў камітэты па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкамаў. У ім кіраўніцтва просіць прадстаўнікоў на месцах арганізаваць «адпаведную працу». У дакуменце таксама паведамляюць, што міністэрства разам «з зацікаўленымі» ўжо «прапрацавала пытанне» аб тым, як прыцягваць мігрантаў у Беларусь.
МЗС, у сваю чаргу, падрыхтавала для Мінсельгасхарча інструкцыю, дзе і як шукаць работнікаў, робячы ўпор на восем краін: Арменія, Казахстан, Расія, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан, Азербайджан, Кыргызстан.
Мяркуючы з тэксту ліста, чыноўнікі мяркуюць, што цяжэй за ўсё прыцягнуць людзей будзе з Расіі, бо «цяпер там кадравы дэфіцыт у сельскай гаспадарцы», а таксама з Туркменістана. Там, «нягледзячы на ўнутраныя эканамічныя складанасці, маштабны валютны крызіс, высокае беспрацоўе», ёсць нямала фактараў, якія стрымліваюць эміграцыю. Напрыклад, «шматлікія публічныя і сакрэтныя» абмежаванні на выезд грамадзян з краіны, бюракратыя. Таксама там практычна адсутнічаюць агенцтвы, якія дапамагаюць легальна працаўладкавацца за мяжой.
«Акрамя таго, туркменскія СМІ падкантрольныя дзяржаве і асвятляюць толькі «неабходны» парадак дня. Уся інфармацыя, якая размяшчаецца, у тым ліку і рэкламнага характару, праходзіць строгую цэнзуру і ўзгадненне, — дакладвае МЗС у лісце Мінсельгасхарчу. — Большасць жа замежных інтэрнэт-рэсурсаў (уключаючы інфармацыйныя сайты, сацыяльныя сеткі і месенджары) застаюцца заблакаванымі».
Восенню мінулага года Міністэрства ўнутраных спраў паведамляла, што іншаземцаў, ахвочых працаваць у Беларусі, робіцца ўсё больш. Так, па даных на той момант, з пачатку 2024-га ў нашу краіну прыехала больш за 21,5 тысячы іншаземцаў, у асноўным грамадзяне Туркменістана, Расіі, Кітая, Узбекістана і Украіны.
У Беларусь прыехала ў два разы больш працоўных мігрантаў, чым летась. Якая краіна ў лідарах?
Працоўныя мігранты праблемы эканомікі Беларусі не вырашаць, і Лукашэнка пачаў гэта разумець. Меркаванне Чалага
Лукашэнка паблажліва выказаўся пра мігрантаў з Усходу. Прапагандысты адразу працытавалі, а пасля схамянуліся
«Мы нікога ад мігрантаў абараняць не будзем». Лукашэнка прагназуе новы крызіс на заходніх межах
Чыноўнікі прагаварыліся, што ў Беларусі засталося толькі 8,8 мільёна чалавек? Гэта няправільная выснова
Каментары