Грамадства66

Беларус, які скарыў Google і Facebook: «У ЗША Азаранку ведаюць лепш за Лукашэнку»

Праграміст Ігар Маханёк вядомы дзякуючы сваёй працы ў Google, інвэстыцыям у беларускія стартапы і гульнёй у «Што? Дзе? Калі?». Нядаўна Ігар зьмяніў працу ў Google на іншую — цяпер ён працуе ў Facebook.

Праграміст Ігар Маханёк вядомы ў Беларусі дзякуючы сваёй працы ў Google, інвэстыцыям у беларускія стартапы і гульнёй у «Што? Дзе? Калі?». Нядаўна Ігар зьмяніў працу ў Google на іншую — цяпер ён працуе ў Facebook.

Прашу яго распавесьці крыху пра новае месца працы, але пакуль Ігар адмаўляецца — кажа, што занадта мала там працуе і ня мае пакуль дазволу даваць інтэрвію пра кампанію. Засяроджваемся на Google.

«Расейцаў тут лічаць рускай мафіяй, а беларусы любяць спрачацца»

— Чаму ты вырашыў зьмяніць Google на Facebook? Ці ў цябе засталася тая ж пасада, як і раней?

— Так, я застаўся на сваёй жа пасадзе — я праграміст праграмнага забесьпячэньня. Чаму зьмяніў працу? Мне вельмі падабаецца місія Facebook — аб’ядноўваць людзей і дапамагаць ім камунікаваць. Я вельмі паважаю Марка Цукербэрга. Прадукты Фэйсбука мне вельмі блізкія — сам Facebook, Instagram, WhatsApp. І пасьля васьмі гадоў ужо было цікава зьмяніць абстаноўку, выйсьці з зоны камфорту.

— Абодва твае месцы працы — вядомыя міжнародныя кампаніі-гіганты. Як ты лічыш, ці для беларуса гэта сапраўды немагчыма або вельмі цяжка — атрымаць працу ў Google ці Facebook?

— Я ведаю як мінімум некалькі дзясяткаў беларусаў, якія працуюць у Google, таму няма ў гэтым нічога немагчымага. БДУ ФПМІ (факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. — РС), які я скончыў, — гэта дастаткова добрая база для таго, каб ісьці ў праграмнае забесьпячэньне. Вядома, зь якога-небудзь Стэнфарду трапіць у Google лягчэй, бо і ў сам унівэрсытэт цяжэй паступіць, і праграма навучаньня там інакш пабудаваная. Але галоўнае, што ў Google ці Facebook цяжка трапіць без практычнай падрыхтоўкі, бо трэба ўмець напісаць код, прыдумаць цэлую сыстэму. Таму варта ўжо штосьці ўмець. У Google беларусы працуюць у розных сфэрах — ад праграмістаў да аддзелу продажу. А Facebook — кампанія меншая, таму і беларусаў тут меней, але яны таксама працуюць на розных функцыях. Калі казаць пра маю пасаду, то для інжынэраў патрабаваньні ў Facebook такія ж, як і ў Google.

— Ці склалася ў Google ці Facebook нейкае меркаваньне пра нас, стэрэатыпы? Напрыклад, што мы вельмі працавітыя ці наадварот?

— Цяжка сказаць пра нейкія стэрэатыпы менавіта пра беларусаў. Амэрыканцы групуюць нас зь іншымі ўсходнімі і цэнтральнымі эўрапейцамі. Мы ўсе разам маем агульныя рысы. Напрыклад, тыя ж палякі, расейцы, чэхі значна больш непасрэдныя ў сваіх выказваньнях, чым амэрыканцы, якія вельмі асьцярожныя ў крытыцы. Беларусы таксама кажуць усё ў твар. Апроч таго, усе гэтыя народы больш спрачаюцца, чым амэрыканцы.

Але я дакладна ведаю, што Google — гэта кампанія, дзе беларусаў ад расейцаў адрозьніваюць. Бо проста ў горадзе з гэтым могуць быць праблемы. Я ведаю, што ў мяне досыць моцны акцэнт, таму шмат якія амэрыканцы думаюць, што я расеец. А расейцаў тут лічаць і рускай мафіяй, і занадта грубымі, і кажуць, што працаваць ня хочуць. Але гэта хутчэй глябальныя стэрэатыпы, якіх у Google няма. У Facebook я пакуль знайшоў каля тузіна беларусаў. Але пакуль занадта рана казаць пра нейкае стаўленьне да нас, стэрэатыпы.

— Як ты тлумачыш, што ты зь Беларусі? Што тут пра нас ведаюць?

— Здараецца, што людзі чулі пра Беларусь дзякуючы спорту: хакею, тэнісу і Алімпіядзе. А большасьць амэрыканцаў нічога пра нас ня ведае. Але зь імі наконт гэтага проста, бо яны цікаўныя, ім лёгка патлумачыць. Я звычайна кажу: Беларусь — гэта ў Эўропе, побач з Польшчай ці Ўкраінай, пра якую тут усе ведаюць, дарэчы. Ва ўкраінцаў нават да крызісу было значна менш праблемаў з нацыянальнай ідэнтыфікацыяй. Але тут яшчэ ёсьць адна штука, што амэрыканцы блытаюць назвы і кажуць: «О, вы беларашн! Гэта гучыць як рашн». Я мушу тлумачыць, што я Belarusian, а не Belarussian.

— А Лукашэнка?

— Амэрыканцы прозьвішча Лукашэнкі ня ведаюць і ня чулі. Азаранкуведаюць, але толькі калі сочаць за спортам.

«Беларуская мова ў Google будзе»

— Чым ты займаўся ў Google? Што менавіта ты стварыў?

— У апошні час я працаваў у праекце Google Maps. Але часта зьмены, якія мы ўносім, нябачныя людзям. Напрыклад, я працаваў над праектам, зьвязаным з дысплэйнай рэклямай. Дзякуючы гэтаму пачала зьяўляцца больш тэматычная рэкляма. Мы таксама палепшылі пошук у Play Store.

— Ты ўзгадаў Google Maps. Паводле якіх правілаў вы выкарыстоўваеце беларускую лацінку? Чаму назва мясцовасьці часам напісаная паводле правілаў, а часам не?

— Каб зьмяніць ці дапоўніць мапы ў Google, ёсьць адмысловы сэрвіс Google Map Maker, ён жа картограф. Цяпер ёсьць даволі вялікае кам’юніці ў Беларусі, якое займаецца паляпшэньнем Google Maps. Да таго як яго запусьцілі ў 2010 годзе, мапа Беларусі ўвогуле была «2 дарогі і 6 гарадоў». Цяпер жа валянтэры называюць гарады і мястэчкі так, як ім падаецца слушным. Няма нейкага аднаго правіла, бо зашмат правілаў звычайна вельмі аслабляюць валянтэрскі рух. Вядома, ёсьць каманда, якая сочыць за ўзроўнем і якасьцю. Але яны спрабуюць рабіць гэта вельмі нэўтральна. І з лацінкавымі напісаньнямі заўсёды было цяжка ў Беларусі: паглядзі на менскае мэтро ці друкаваныя мапы.

— Ці будзе беларуская мова ў прыладах і навінах Google?

— Гэтыя пытаньні вельмі слушныя, я вельмі падтрымліваю, што ты іх задаеш. Але я не адказваю за моўную палітыку кампаніі. З майго неафіцыйнага пункту гледжаньня, гэта ўсё будзе, хоць і адбываецца досыць павольна. Для Google беларуская мова — гэта адна са шматлікіх моваў сьвету. І ёсьць сьпіс прыярытэтаў. Вышэй у гэтым сьпісе мовы, на якіх больш людзей размаўляе, якіх больш людзей патрабуе. Я неаднаразова падымаў гэтае пытаньне сярод розных камандаў у кампаніі, каб перакладалі свае прадукты на беларускую мову. Але рэсурсы ў Google абмежаваныя, таму іншыя мовы вышэй у прыярытэтах, чым беларуская.

Гэта была пэсымістычная рэальнасьць, але вось крыху аптымістычнай будучыні. Google расьце, зусім нядаўна пачалі запускаць прадукты на іншых постсавецкіх мовах: казахскай, кіргіскай, грузінскай, таму будзе і беларуская мова. Але тут усё завязана на тым, якая частка насельніцтва выкарыстоўвае толькі родную мову. У Беларусі — гэта меншая частка насельніцтва. Вядома, хтосьці спрабуе бачыць нейкія палітычныя падыходы, але тут выключна практычны і бізнэсовы падыход.

— Ці аплікацыі Google бясьпечныя? Ці выдае кампанія інфармацыю пра сваіх карыстальнікаў?

— Google выкарыстоўвае ва ўсіх прадуктах шыфраваньне HTTPS. Гэта значыць, што калі вы карыстаецеся поштай Gmail, то інфармацыю паміж вашым кампутарам і сэрвэрам Google немагчыма перахапіць. Вядома, кампанія нікому інфармацыю не перадае, толькі калі ёсьць дакладны запыт ад праваахоўных органаў па канкрэтнай асобе. Ёсьць GoogleTransparency Report, у якім ёсьць зьвесткі па запытах і перададзенай інфармацыі. У Google каля ста мільёнаў падпісчыкаў, а лік карыстальнікаў, па якіх была выдадзеная інфармацыя, ідзе ўсяго на тысячы. Але зразумела, што Google мусіць падпарадкоўвацца законам, як і любая іншая інтэрнэт-кампанія.

«Спэцыялісты IT у Беларусі таньнейшыя, чым у ЗША»

— Чым Беларусь цікавая Google і іншым міжнародным кампаніям? Як лічыш, ці з боку ўладаў дастаткова дазволу на разьвіцьцё бізнэсу?

— Я наагул ня бачу тут уладнага фактару. Бізнэс і эканоміка ў Беларусі разьвіваюцца, становяцца тэхналягічнымі, больш людзей карыстаюцца інтэрнэтам. Рэкляма з вулічных білбордаў паступова перамяшчаецца ў інтэрнэт. Таму Беларусь — гэта будучы буйны рынак рэклямы, што і ёсьць бізнэсам Google.

— Але калі казаць пра Парк высокіх тэхналёгіяў у Беларусі, то складаецца ўражаньне, што гэта нешта разрэклямаванае, але малаэфэктыўнае.

— Парк высокіх тэхналёгіяў — гэта арганізацыя, якая спрабуе дапамагаць беларускаму IT-бізнэсу. Ёсьць, напрыклад, ільготы па падатках. У Беларусі робяць бізнэс буйныя IT-кампаніі, як EPAM, Wargaming. Але ў апошнія гады зьявілася таксама шмат невялікіх кампаніяў, якія даюць працу беларускім праграмістам, «экспартуюць» свае прадукты ці паслугі і атрымліваюць экспартныя грошы. Я лічу, што ў беларускім IT-бізнэсе ўсё значна лепей, чым 10 гадоў таму. Напрыклад, заробкі сталі вышэйшыя.

— Але гэта натуральны працэс, што разьвіваецца і рынак, і інтэрнэт, і бізнэс. Зразумела, што цяпер лепш, чым 10 гадоў таму. Але як лічыш, ці ўсё ж у Беларусі спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця бізнэсу?

— Ёсьць свае плюсы і мінусы. Самыя галоўныя плюсы для адкрыцьця IT-бізнэсу ў Беларусі — гэта выдатныя спэцыялісты. І ў іх у параўнаньні з ЗША даволі нізкія патрабаваньні наконт заробкаў. Таму рабіць бізнэс на глябальны рынак зь Беларусі нашмат таньней, чым у ЗША.

«У Беларусі мала прадпрымальніцкага духу»

— Ты таксама цікавісься беларускімі стартапамі. Наколькі яны пэрспэктыўныя і ці ёсьць стартапы, якія ты б мог адзначыць?

— Не магу сказаць, што я шмат займаюся беларускімі стартапамі. Некалькі гадоў таму я інвэставаў у стартап Panda.doc, які робіць аўтаматызацыю дакумэнтаў. Ёсьць яшчэ некалькі беларускіх стартапаў, у якіх я мэнтар, то бок дапамагаю парадамі, але не інвэстую. Яны маюць падобныя назвы: SplitMetrics і MetricsCat. Абодва зьвязаныя з аналізам мабільных аплікацыяў і колькасьці іх карыстальнікаў. Вельмі цікава, што ў Беларусі зьявіліся два такія стартапы ў адной сфэры. Ёсьць выдатны стартап Saytaxi, які робяць мае аднагрупнікі з унівэрсытэту. Яны ўжо пасьпяхова запусьцілі яго ў Беларусі і некаторых іншых краінах. Гэта канкурэнт Uber — сыстэмы выкліку таксоўкі з мабільнага.

— Ці ёсьць у беларускіх стартапаў шанец выйсьці на глябальны рынак і што для гэтага трэба? Што зрабіць, каб ты інвэставаў у нейкі беларускі стартап?

— Трэба зрабіць выдатны стартап. Трэба зрабіць так, каб я паверыў, што стартап павінен вырасьці да мільярда даляраў. Інвэстару цікавыя стартапы, якія могуць стаць вялікімі. Зь вядомых прыкладаў — Twitter, Facebook, Uber, Google у свой час былі стартапамі.

Беларускім стартапам трэба замахвацца на нешта вялікае і працаваць, працаваць. Часта людзі прапаноўваюць мне ідэі, але я ў ідэі не інвэстую. І гэта галоўнае адрозьненьне Беларусі ад ЗША. У Беларусі мала гэтага entrepreneurial spirit — прадпрымальніцкага духу, калі людзі гатовыя рызыкнуць. А гэта рэцэпт посьпеху — трэба кінуць сваю працу, пазбавіцца свайго заробку і рабіць full-time праект бяз грошай.

«У ЗША плацяць не за ляяльнасьць, а за тое, як працуеш»

— Чым адрозьніваюцца амэрыканцы ад беларусаў?

— Амэрыканцы вельмі адкрытыя, асабліва ў Нью-Ёрку. У ЗША паўсюль пачынаюць з табой размаўляць. Стаіш у чарзе — з табой размаўляюць, запытваюцца, як справы. Едзеш у ліфце — размаўляюць. Гэта так дзіўна і ў першыя тыдні шакуе. Але гэта тое, што дазваляе ў ЗША вельмі хутка высьветліць, што за чалавек побач. Гэта лягчэй, чым у Менску, дзе можна наймаць кватэру і ня ведаць, хто жыве побач. Тут шмат пазытыву: людзі ўсьміхаюцца, а калі размаўляюць, то пра нешта добрае.

Разам з тым амэрыканцы вельмі цэняць прыватную прастору кожнага чалавека. З аднаго боку, яны рады паразмаўляць. А зь іншага, яны баяцца надакучыць. Таму на пытаньне «як справы» тут прынята адказваць, што ўсё добра. Я ведаю, што ёсьць такі штамп у постсавецкім грамадзтве, што калі адказваеш, што ўсё добра, то гэта неяк няслушна, фальшыва. Зразумела, што ва ўсіх ёсьць праблемы: тут людзі вельмі шмат працуюць, у іх шмат стрэсу. Але яны не цягаюць яго за сабой і стараюцца падтрымліваць добры настрой.

— Ты кажаш, што людзі тут шмат працуюць. Як адрозьніваецца характар працы?

— Тут усе разумеюць, што ўсяго трэба дасягаць самому, ніхто табе нічога не павінен і ўсё можа скончыцца ў любы момант. Тут разумеюць, што калі ты працуеш добра, а пасьля перастаў добра працаваць, то цябе звольняць, прычым вельмі хутка. Гэта just business. Плацяць за тое, як ты працуеш, а не за тое, што ты ляяльны працаўнік ці за тое, што ў цябе ёсьць сваяк у кіраўніцтве кампаніі. Людзі, якія хочуць дасягнуць болей, чым у іх ёсьць, болей працуюць. І яшчэ тут ня так, што чалавек павінен адседзець да шостай вечара і пайсьці дадому. Я працую столькі, колькі адчуваю сябе прадуктыўным на працы.

— Што далей? Ці не зьбіраесься пераяжджаць у Крэмніевую даліну?

— Я вельмі люблю Нью-Ёрк. Гэты горад — сапраўднае перакрыжаваньне дарог. Усе сем мільярдаў чалавек у сьвеце — і з кожнай краіны тут знойдзецца хто-небудзь. Гэта так цікава.

Каментары6

«Мая памылка, што запісваю відэа». Чым скончыліся рэзанансныя звароты да Лукашэнкі?4

«Мая памылка, што запісваю відэа». Чым скончыліся рэзанансныя звароты да Лукашэнкі?

Усе навіны →
Усе навіны

Археолагі знайшлі раней невядомую сталіцу дзяржавы сапатэкаў

«Хахлуша канал вядзе». Фанатка Лукашэнкі абразіла ўкраінку і палівае брудам Літву, дзе сама працуе51

Расійскі прадпрымальнік хацеў падмазаць ФСБ, але грошы па дарозе раскралі пасярэднікі1

У Кітаі будуецца самы вялікі камандны штаб у свеце для патэнцыйнай ядзернай вайны2

Сям'я, якая летам няўдала пакаталася на атракцыёне, атрымае кампенсацыю 3000 рублёў4

Місія ЗША пры АБСЕ пракаментавала выбары ў Беларусі2

Акцёр Ігар Сігоў назваў свой самы вялікі ганарар у кіно1

У Кобрынскім раёне пайшоў бярозавы сок ВІДЭА

БелАЗ масава падае ў суд на расійскія фірмы. Што адбываецца?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мая памылка, што запісваю відэа». Чым скончыліся рэзанансныя звароты да Лукашэнкі?4

«Мая памылка, што запісваю відэа». Чым скончыліся рэзанансныя звароты да Лукашэнкі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць