Расійская кампанія «Нарнікель» і беларускі БелАЗ падпісалі пагадненне аб вытворчасці падземных самазвалаў і пагрузачна-дастаўчых машын (ПДМ), піша «Коммерсант».
Большая частка рынку горнай тэхнікі ў Расіі сёння належыць кітайскім вытворцам, якія забяспечваюць да 70% паставак. Аднак такая тэхніка часта не адпавядае патрабаванням для працы ў суровых умовах паўночных рэгіёнаў, і яе эксплуатацыя суправаджаецца праблемамі. Рамонт часта абыходзіцца даражэй за новую машыну. Таму, як сцвярджаецца, «Нарнікель» і вырашыў дапамагчы БелАЗу хутчэй наладзіць выпуск сучаснай тэхнікі, каб прынамсі часткова задаволіць узрослы попыт.
Гендырэктар БелАЗа Сяргей Лесін падкрэслівае, што гэтая ініцыятыва адкрывае новыя магчымасці для прадпрыемства, якое раней спецыялізавалася на тэхніцы для паверхневых работ.
У горнай тэхніцы і запчастках да яе сёння маюць патрэбу ўсе расійскія горназдабыўныя кампаніі. Сярэднегадавая патрэба расійскіх кампаній у горнай тэхніцы — каля 300 адзінак, з якіх палова прыпадае на «Нарнікель», ацэньваюць патрэбы рынку ў самой гэтай кампаніі. Між тым уласная вытворчасць патрэбных машын амаль адсутнічае.
На сённяшні дзень у шахтах «Нарнікеля» ўжо працуюць шэсць падземных самазвалаў ад БелАЗа, а ў лютым плануецца адпраўка новай ПДМ, сабранай з улікам рэкамендацый кампаніі. У рамках партнёрства кампаніі плануюць наладзіць вытворчасць і пастаўкі запчастак, а таксама арганізаваць сэрвіс і капітальны рамонт тэхнікі.
Каментары