Беларускі дом у Варшаве не ведае, што будзе з яго памяшканнем у 2025 годзе
У мінулым годзе Беларускі дом у Варшаве сутыкнуўся з праблемамі фінансавання памяшкання — Польшча адмовілася пакрываць выдаткі. На той час атрымалася залагодзіць справу, але, што будзе сёлета, пакуль невядома, расказаў Белсату кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк.
Алесь Зарэмбюк расказаў польскаму выданню «Gazeta Prawna», што ў 2024 годзе ўпершыню не было падтрымання ў фінансаванні будынку на Крынічнай, 6 у Варшаве ад Дэпартамэнту развіцця супрацы МЗС.
Што будзе ў 2025 годзе, стане ясней у найбліжэйшы час, адзначае Зарэмбюк у размове з «Белсатам».
«Наш будынак належыць Рэспубліцы Польшча. Як будзе выглядаць сітуацыя ў гэтым годзе, мы абсалютна не ведаем, таму што год толькі пачаўся. Звычайна нейкія конкурсы міністэрстваў на падтрыманне стартуюць альбо ў лютым, альбо ў сакавіку. Як будзе выглядаць сітуацыя ў гэтым годзе ані мы, ані будзь-якое міністэрства пакуль не можа сказаць. Але мы працуем і працягваем тую ж дзейнасць, якой займаліся», — кажа Алесь Зарэмбюк.
«Gazeta Prawna» нагадала, што Польшча абмежавала і працу Цэнтру дапамогі палка імя Кастуся Каліноўскага на Крынічнай, 6. Ён быў закрыты ў канцы чэрвеня 2024 года.
«Мы такім чынам хацелі пазбегчы блакады фінансавання і атрымлівалі сігналы, што, калі мы гэта зробім, сітуацыя можа змяніцца. Але ў выніку гэта не прынесла рэзультатаў», — сказаў Зарэмбюк.
Ён адзначыў, што цэнтр не фінансаваўся ні з якіх донарскіх грошай. Больш за ўсё дапамагала беларуская дыяспара з усяго свету. Тым не менш, цэнтр прыйшлося закрыць. Паводле «Gazeta Prawna», праз тое, што Польшча хацела пазбегнуць абвінавачванняў у рыхтаванні нападу на Беларусь. Верагодна, рэч была ў тым, што на Крынічнай, 6 праводзіўся таксама рэкрутынг беларусаў у полк Каліноўскага. Паводле інфармацыі палка, з красавіка 2024 года набор вядзецца праз чат-бот ПКК.
«Мы атрымалі інфармацыю, што можа быць прафінансаваны будынак, калі ў гэтым будынку не будзе дапамогі цэнтру. Проста прапаганда лукашэнкаўская і расейская падаюць гэта як дапамогу «нацыстам» і як вайсковую дапамогу. Але тут не было вайсковай дапамогі. Гэта была дапамога гуманітарная. Пра гэта сведчаць сотні здымкаў, якія засталіся. На іх можна пабачыць, што гэта бронекамізэлькі для нашых хлопцаў, беларусаў, якія вырашылі бараніць Украіну. Гэта былі лекі, кансервы, машыны.
І каб не было праз гэта непаразуменняў, мы спынілі працу гэтага цэнтру напрыканцы чэрвеня мінулага года. З таго часу тут больш не адбываецца ніякай дапамогі», — падвёў рысу Алесь Зарэмбюк.
Каментары
Галодныя , халодныя , яны папрасілі нейкую параду - дзе , што , куды бегчы у Польшчы .
Кірау́нік гэтай ,,установы,, ім нават гарбаты з хлебам не прапанавау́ , гроша пашкадавау́