Расійская гаспадарка на фоне вайны паводзіць сябе не так, як прагназавалі многія эксперты.
«На жаль, надзеі на непазбежны эканамічны крызіс наўрад ці апраўдаюцца. Хоць Расія, несумненна, сутыкаецца са значнымі праблемамі, мала што гаворыць пра тое, што яны прывядуць да якіх-небудзь значных палітычных наступстваў, якія маглі б заахвоціць Крэмль сцішыць свае амбіцыі ва Украіне», — лічыць спецыяліст па эканоміцы Расіі Рычард Коналі (Richard Connolly) з аналітычнага цэнтра Каралеўскага інстытута аб'яднаных службаў (RUSI) у сваім аналітычным артыкуле, змешчаным на сайце ўстановы.
Аўтар звяртае ўвагу, што, нягледзячы на шэраг эканамічных праблем, сярод якіх востры недахоп працоўнай сілы, інфляцыя, выкліканая рэзкім ростам вайсковых выдаткаў, і санкцыі, усё новыя і новыя, эканоміка Расіі застаецца ў дастаткова добрым стане.
Так, пасля падзення ВУП у 2022 годзе на 1,9% (што нашмат менш за чаканае) у наступным годзе назіраўся яго рост на 3,6% у 2023 годзе, а па выніках 2024 годзе ён павінен скласці 3,6—4%.
Вайна і напружанасць на рынку працы прывялі да росту рэальных заробкаў у Расіі, што спрыяла павелічэнню спажывецкіх выдаткаў. Імклівы рост вытворчасці ўзбраенняў і рэкордна высокія заробкі вайскоўцаў спрыяюць зніжэнню няроўнасцяў у заробках у розных рэгіёнах Расіі.
Эканоміка краіны мае рэзервы павышэння прадукцыйнасці, дзякуючы зменам у заканадаўчай базе і закупцы новага абсталявання. У той жа час інфляцыя спрыяе інвестыцыям, якія з пачаткам вайны раслі хутчэй за ВУП, і павелічэнню даходаў бюджэту, у тым ліку праз рэкордны рост ПДВ.
Рэкордна высокая ключавая стаўка Цэнтрабанка Расіі таксама не такая разбуральная, як тое магло б быць у заходняй эканоміцы. Прычына ў тым, што вялікія сегменты расійскага бізнэсу, у тым ліку ў стратэгічна важных сектарах, маюць доступ да дзяржаўных крэдытаў па значна ніжэйшых за рынкавыя працэнтных стаўках. А тыя кампаніі, якія не маюць такой магчымасці, могуць выкарыстаць свой рэкордна высокі неразмеркаваны прыбытак для фінансавання інвестыцый.
Нават ступень пераводу расійскай гаспадаркі на ваенныя рэйкі, заўважае аўтар, часта перабольшваюць. Хоць, па прагнозах, вайсковыя выдаткі складаюць каля 40% федэральнага бюджэту Расіі, у агульнай структуры кансалідаванага бюджэту (улічваючы рэгіянальныя і нацыянальныя расходы) іх доля зніжаецца да прыкладна 20%, што значна ніжэй за савецкі ўзровень. Пры гэтым Расія пазбягае такіх крайніх мер ваеннай эканомікі, як кантроль цэн і нацыяналізацыя.
Эканамічная ўстойлівасць Расіі застаецца моцнай. Масква фінансуе вайну з мінімальным бюджэтным дэфіцытам у межах 1,5—2,9% ВУП з 2022 года, практычна не ўлазячы ў пазыкі.
Дзяржаўны доўг складае каля 15% ВУП, што з’яўляецца самым нізкім паказчыкам сярод краін G20.
Нягледзячы на адсутнасць доступу да знешняга капіталу, Расія здольная фінансаваць унутраныя інвестыцыі і дзяржаўныя выдаткі за кошт уласных рэсурсаў. Баланс рахунку бягучых аперацый застаецца вельмі станоўчым: каля 2,5% ВУП.
Пакуль Расія можа працягваць экспартаваць вялікія аб'ёмы нафты, наўрад ці што зменіцца.
Аўтар адзначае, што паступленні ў бюджэт ад падаткаў рэзка ўзраслі напачатку вайны, калі цэны на нафту і газ узляцелі касмічна. Нават калі даходы ад экспарту будуць падаць (так, доля нафтагазавых даходаў у 2024 годзе склала 28% бюджэтных паступленняў супраць 53% у 2018 годзе), Расія мае рэсурсы для падтрымання выдаткаў, на дапамогу прыйдуць дзяржаўныя банкі і выпуск аблігацый.
Эканамічная ўстойлівасць абапіраецца і на прыватны сектар. Прыватныя кампаніі ў Расіі даўно прызвычаіліся працаваць у часта варожым і складаным дзелавым асяроддзі і актыўна выкарыстоўвалі магчымасці, створаныя санкцыямі, каб пастаўляць тыя тавары, якія перасталі паступаць з-за мяжы.
Колькасць зарэгістраваных прыватных прадпрыемстваў імкліва расла з пачатку вайны, дасягнуўшы рэкорднага максімуму ў 2024 годзе. Менавіта гэтая моцная база камерцыйна-арыентаваных кампаній, па меркаванні аўтара, дазволіць Расіі працягваць адаптавацца да санкцый і патрабаванняў вайны.
На думку Коналі, доўгатэрміновы прагноз нядобры, але ў кароткатэрміновай перспектыве расійская эканоміка захавае ўстойлівасць. За сваю 500-гадовую гісторыю эканамічная сістэма Расіі рэдка забяспечвала шырокамаштабны рост або інавацыі. Звычайна патрэбы рынку падпарадкоўваліся патрэбам дзяржавы, часта для таго, каб дапамагчы ёй рэалізоўваць ваенныя мэты, нагадвае аўтар.
І цяпер адбываецца прыкладна тое самае. Сістэма заточаная на тое, каб Крэмль мог праводзіць тую замежную палітыку, якую хоча, на процівагу інтарэсам Захаду. Рынак дастаткова моцны для таго, каб надаць сістэме адаптыўнасць і гнуткасць, а дзяржава дастаткова моцная, каб мабілізаваць рэсурсы для дасягнення сваіх ваенных мэтаў.
Пакуль цяперашні баланс захоўваецца, адзначае аўтар, Расія будзе здольная генераваць неабходныя эканамічныя рэсурсы, каб падтрымліваць дастатковую ваенную моц для вядзення вайны ва Украіне і, у будучыні, для пераўзбраення для працяглай канфрантацыі з Захадам. Таму любыя надзеі на тое, што эканамічныя ўразлівасці прымусяць Расію сесці за стол перамоў ужо пры цяперашнім раскладзе, пры цяперашніх выдатках Захаду на супрацьстаянне, малаімаверныя.
Пуцін даручыў зрабіць эканоміку Расіі чацвёртай у свеце да 2030 года
Міністр эканомікі Расіі абвінаваціў спекулянтаў у крушэнні курсу расійскага рубля
Трамп заклікаў Расію неадкладна спыніць вайну, іначай пагражае крутымі мерамі
Кая Калас: Спецслужбы папярэджваюць, што Расія можа напасці на Еўрасаюз у 2028 годзе
Каментары