«Я не вучыла дзяцей спяваць гімн і хадзіць шыхтом». Размова з настаўніцай Таццянай Крапіневіч, якая з'ехала з краіны праз даносы Бондаравай
28 студзеня ў Ляхавічах павінен быў адбыцца суд над намесніцай дырэктара гімназіі Таццянай Крапіневіч. Прычынай справы стала «анлайн-пікетаванне» і даносы Вольгі Бондаравай. Аднак перад самым судом настаўніца пакінула краіну. Радыё Свабода расказвае пра крутыя павароты ў яе лёсе.
З Мінска ў Ляхавічы
Таццяне Крапіневіч 43 гады. Паводле адукацыі яна настаўніца матэматыкі. Доўгі час займалася бізнэсам, але ў нейкі момант адчула стомленасць і выгарала. Тады яна вырашыла цалкам змяніць сваё жыццё і пераехала са сталіцы ў малы горад.
«Мне прапанавалі працу ў Ляхавічах. Паехалі, паглядзелі — спадабалася. У нас вялікая сям’я — чацвёра дзяцей. Два сыны ўжо дарослыя, жывуць у Мінску. А мы з мужам і малодшымі дочкамі пераехалі. Я працавала два гады настаўніцай, а пасля таго, як выйграла абласны конкурс «Настаўнік года — 2023», мне прапанавалі пасаду намесніцы дырэктара гімназіі. Я была фіналісткай і рэспубліканскага конкурсу, але да суперфіналу не дайшла», — успамінае Таццяна.
У Ляхавіцкім раёне ніколі не было пераможцаў настаўніцкіх конкурсаў. Таццяна стала першай, ёй ганарыліся. У кастрычніку 2023 года дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА апублікавала вялікае інтэрв’ю з Крапіневіч: «З офіса — у школу, з Мінска — у Ляхавічы. Настаўнік матэматыкі пра тое, як знайсці сваё пакліканне». Але ўжо праз год усё змянілася. Таццяна трапіла ў шпіталь, дзе даведалася пра цікавасць да яе з боку сілавікоў.
«13 снежня, у пятніцу, мне тэлефануе калега са школы ў Telegram, што мяне вельмі здзівіла. Кажа: «Таня, не палохайся, у школу па цябе прыходзілі тры супрацоўнікі РАУС». Я пытаюся: «Што здарылася?» Яна пераслала мне першы пост Бондаравай. Ды я яе наогул не ведаю! Але ў мяне ёсць падазрэнне, што хтосьці ёй проста данёс на мяне», — разважае Таццяна.
Яна прызнаецца, што ўвосень 2020 года напісала некалькі эмацыйных пастоў у сацсетках.
«Я ў парыве, як і многія беларусы, выклала фота чырвона-белай пастэлі, выяву майкі з надпісам «Перамены пачынаюцца на нашых уроках», было ў пастах словазлучэнне «Час перамен». У 2021 годзе, калі выйшаў артыкул Мукавозчыка пра настаўнікаў, я адразу выдаліла ўсё — падпіскі, пасты, якія маглі б мяне скампраметаваць. І тут яны ўсе «ўсплываюць» у Бондаравай — з якога перапуду? Я ніколі з ёй не сустракалася, нічога не ведала пра яе канал — і тут раптам такая цікавасць да мяне! На сённяшні дзень Бондарава напісала 9 пастоў: абвінавачвае мяне ў супрацоўніцтве з Захадам, у тым, што я дзецям прамываю мазгі, што я «ідэйная змагарка». Я падазраю, што хтосьці зрабіў скрыншоты і напісаў на мяне данос» — разважае настаўніца.
Яна дадае, што ў лістападзе 2024 года ўжо мела досвед кантакту з супрацоўнікамі КДБ, якія прыходзілі ў школу. Тады выклікалі пяць настаўнікаў; двух адразу адвезлі ў КДБ за падпіскі і лайкі, забралі тэлефоны, быў суд, прысудзілі вялікія штрафы.
«Мяне тады абышло бокам, хоць у маім тэлефоне было шмат украінскіх кантактаў і падпісак. Мы часта ездзілі ва Украіну да 2020 года. Казалі, што я працую на ўкраінскія спецслужбы. Адзін з супрацоўнікаў нават сказаў: «Ну што, афармляем і забіраем?». А другі кажа: «Не, не хачу», — і аддае мне тэлефон. Мне тады проста пашанцавала».
Разумеючы, што проста так супрацоўнікі міліцыі на працу не прыходзяць, убачыўшы пасты Бондаравай і яе даносы, Таццяна вырашыла з’ехаць.
«Мая дачка, якая вучыцца ў ліцэі ў Германіі, сказала: «Мама, я запаўняю заяўку на эвакуацыю», — расказвае Таццяна, як хутка за яе ўсё вырашыла дачка.
Праз дзень мне патэлефанавалі супрацоўнікі фонду «Байсол», а назаўтра мы з малодшай дачкой пакінулі краіну».
«Муж застаўся ў Беларусі, адносіны ў нас з ім апошнім часам былі не вельмі добрыя, мы разводзімся. 16 снежня мы з малодшай дачкой выехалі з адным заплечнікам. Праз месяц дабраліся да Варшавы, падалі дакументы на міжнародную абарону, знялі кватэру. Днямі я павезла дакументы ў адміністрацыю. Сонейка, марозны дзень — і я злавіла сябе на думцы, што ў мяне з'явілася дзіцячае адчуванне бяспекі, бесклапотнасці, чаго я не адчувала даўно. Бо ў школе, на працы я пастаянна была ў страху: а раптам не тое сказала, не тое зрабіла, нібыта і стала «настаўнікам года», падрыхтавала алімпіяднікаў — усё адно недастаткова… Паступова пачынаем збіраць сваё жыццё па кавалачках», — дзеліцца сваімі адчуваннямі Таццяна.
У Беларусі ў настаўніцы засталіся бацькі, сястра, двое старэйшых сыноў. Яна кажа, што страх за сваякоў ёсць, але для сябе яна цвёрда вырашыла, што не будзе маўчаць, як маўчала ў Беларусі.
«Я ні ў чым не вінаватая, справа на мяне цалкам сфабрыкаваная Бондаравай і ГУБАЗіКам. «Калі вам страшна, калі вы баіцеся, — сказала я сваякам, — я дапамагу вам з'ехаць. Можаце адхрысціцца ад мяне. Але я не магу маўчаць, тут я буду гаварыць».
Я не вучыла дзяцей спяваць гімн і хадзіць шыхтом. На ўроках я займалася з імі толькі матэматыкай. Тое, што адбываецца ў Беларусі, — гэта не пра школу, не пра навучанне, не пра выхаванне. Проста стараюцца ўпіхнуць усім у галаву, што ёсць адзін «святы чалавек», дзякуючы якому мы жывём, і павінны на яго маліцца», — суразмоўцу перапаўняюць эмоцыі.
«Матэматыкі не трэба, патрэбна ідэалогія і патрыятызм»
Што да атмасферы, якая цяпер пануе ў школе, Таццяна паўтарае, што галоўнае цяпер не веды, не навучанне, не адукацыя, а ідэалогія.
«На жнівеньскай нарадзе сказалі, паўтараюць на ўсіх педнарадах: «Забудзьцеся пра навучанне і адукацыю, найперш у школе — патрыятычнае выхаванне, прапаганда, ідэалогія». Нас абавязалі насіць значок-сцяг, кожную чвэрць пачынаем і заканчваем гімнам, паўсюль «святы адзінства», лінейкі, пастаянна праводзяцца ўрокі па тэмах Вялікай Айчыннай вайны.
Кожны чацвер — «Школа актыўнага грамадзяніна» (ШАГ), дзе ідэолагі прамываюць дзецям мазгі. Няважна, што там адбываецца, галоўнае — зняць дзяцей на фота. Няма фота — «Вы нічога не праводзілі». Фота абавязкова трэба выслаць завучу па выхаваўчай працы, апублікаваць на сайце, у Telegram-канале» — кажа Таццяна.
На яе думку, дзеці не такія ўжо і дурныя. Яны ўдзельнічаюць у гэтым фарсе, бо ім пастаянна абяцаюць нейкія патуранні — паставіць дзясятку, дазволіць не прыходзіць у школу ў суботу на нейкае мерапрыемства.
«Кожны дзень усім нагадвалі: «Гэта ж электаральны год, вы ўсё разумееце». На бацькоўскія сходы запрашаюць супрацоўнікаў сілавых структур. Дзяцей водзяць на экскурсіі ў турмы, у вайсковыя часткі. У нас адкрыўся цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі, вайскова-патрыятычны клуб. Я катэгарычна супраць дзяцей са зброяй. Але ж зладзілі адкрыццё з пераразаннем стужкі, дзеці ў вайсковай форме збіраюць і разбіраюць аўтамат Калашнікава… Я ж кажу: матэматыкі не трэба, патрэбна ідэалогія і патрыятызм», — кажа Таццяна.
Яна згадвае, што нядаўна ўсіх класных кіраўнікоў абавязалі маніторыць сацыяльныя сеткі вучняў. Завучу па выхаваўчай працы яны павінны падаваць звесткі, хто пра што піша, на што падпісаны. На ўсіх лінейках, сходах, святах усе павінны спяваць гімн. Гімн трэба спяваць толькі цалкам, нельга часткова, узгадвае жанчына.
«Гэта ўсё запісваюць на відэа, і тых настаўнікаў, якія не спяваюць, выклікаюць на разборкі. У нас жа выйшаў закон аб дзяржаўнай сімволіцы, дык не дай Божа не пад тым вуглом сцяг вісіць — ходзяць з лінейкай і мераюць даўжыню дрэўка, якое павінна мець пэўныя прапорцыі са сцягам. Гэта ўсё прапісана ў законе, і настаўнікі павінны гэта ведаць», — Таццяна можа доўга пералічваць, што сёння ў прыярытэце ў школе.
Цяпер Таццяна Крапіневіч з 15-гадовай дачкой у бяспецы, іх эвакуявалі за лічаныя дні да суду. Яны пачынаюць наладжваць новае жыццё ў новай краіне. Настаўніца збірае сродкі на першы час, пакуль не ўладкуе свае справы на стала. Усю неабходную суму сабралі за 15 гадзін.
Каментары
Дык а якая там справа была? Не было ж за што і заводзіць. Ну звольнілі б з працы, пасадзілі на суткі, але не трэба перабольшваць.
І байсол узяў, эвакуяваў. Блін. тут гадоў на 20 сабе збіраеш грахоў, а яны кажуць, што няма падстаў для эвакуацыі. А яе раптам эвакуявалі. І пасля тысячы такіх эмігрантаў будуць распавядаць пра небяспеку ў Беларусі. Шмат у каго яна сапраўды ёсць, але тут надумана