Рыжанкоў: Захад не дапускае, што хтосьці можа ўжыць такога роду сілу. А сілу такую можа ўжыць Расія. Мы разам з Расіяй
Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў у інтэрв'ю расійскаму выданню «Известия» ацаніў верагоднасць эскалацыі сітуацыі. Пры гэтым ён рабіў супрацьлеглыя заявы: з аднаго боку, «у Расіі няма і не можа быць мэты зноў на Берлін ці Парыж», з другога, Захад нават не чакае, а Расія з Беларуссю могуць па ім ўдарыць.
Адказваючы на пытанне выдання, Рыжанкоў сказаў, што на межах «абстаноўка досыць складаная».
«Насамрэч, не слабеюць правакацыі з украінскага боку ў дачыненні да нашай мяжы. Таксама фіксуецца вельмі шмат мілітарызаваных дзеянняў з боку нашых суседзяў уздоўж мяжы: Польшчы, Літвы, Латвіі <> Польшча ўзбройваецца да зубоў, збіраючы лепшае з усяго свету ўзбраенне ад ЗША да Паўднёвай Карэі, прычым наступальнае ўзбраенне. Літва, Латвія гатовыя ледзь не ўвесь бюджэт свой траціць на мілітарызацыю», — кажа Рыжанкоў.
Ён канстатуе, што выдаткі заходніх краін на абарону растуць.
«Гэта як у спектаклі: калі ёсць на сцяне зброя, то яна стрэліць у канцы акту. І наша задача — дыпламатычнымі спосабамі, не паддаючыся на правакацыі, прадухіліць гэта. Таму што ў такім супрацьстаянні пераможцаў не будзе. Калі Захад сёння паставіць Расію і Беларусь перад выбарам цывілізацыйнага існавання, то проста іншага варыянту не застанецца.
Яны не дапускаюць, што хтосьці можа ўжыць такога роду сілу. А сілу такую можа ўжыць Расія. Мы разам з Расіяй. Мы падпісалі дамову з Масквой аб сумеснай гарантыі бяспекі, дзе ў тым ліку прапісана і прымяненне ядзернай зброі. Акрамя таго, ёсць дамоўленасці размясціць у Беларусі «Арэшнік». Гэта самае сучаснае ўзбраенне, якому няма аналагаў нават за мяжой. Гэта наш адказ, але адказ стрымлівання, а не наступальны», — пераходзіць на пагрозы міністр замежных спраў.
Пасля пагроз Рыжанкоў супакойвае заходніх калег.
«Я шчыра вам скажу, што з кім бы са сваіх заходніх калег я ні гутарыў, я ўсім кажу: перастаньце палохаць ваш народ, што рускія прыйдуць зноў у Берлін або Парыж, як было 80 або 200 гадоў таму. Няма такой мэты, і быць яе не можа», — кажа ён.
Пасля гэтага Рыжанкоў пераходзіць да зусім нечаканага — да «дэнацыфікацыі» Украіны.
«Сёння ёсць адна мэта — вырашыць пытанне з дэнацыфікацыяй Украіны і тыя пытанні, якія стаяць сёння перад Расіяй», — кажа міністр замежных спраў Беларусі.
Пад дэнацыфікацыяй Украіны Расія разумее поўную русіфікацыю краіны аж да знішчэння ўкраінскай дзяржаўнасці.
Каментары